Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ведаюць у Віцебску прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду?


Радыё Свабода, Віцебск На гэтае пытаньне Радыё Свабода адказвалі віцебскія мінакі.

(Cпадар: ) “Я ведаю ўсіх. Цяпер іх засталося сямёра. Але людзі іх усіх ня ведаюць – яны ж новыя і штораз мяняюцца. Гэта штучныя лідэры! Бо ва ўсіх на памяці толькі Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка і Зянон Пазьняк”.

(Спадарыня: ) “Ну не, усіх добра ня ведаю. Але ж чытала. У “Віцебскім кур''еры” пісалі. Я – за Мілінкевіча, гэта сьвядомы мой выбар”.

(Спадар: ) “Усіх ведаю, як жа! Ну, пачнём: Мілінкевіч, Пазьняк, Казулін, Скрабец, Лукашэнка. Каго я не назваў? Трэба ўспомніць... А, Вайтовіч, наш вядомы акадэмік, зьняў сваю кандыдатуру. Здаецца, цяпер усіх назваў.”

(Пенсыянэр: ) “Я толькі ведаю, што Аляксандра Лукашэнку мы будзем пераабіраць на наступны тэрмін. А другіх – не”.

(Спадар: ) “Асабіста не знаёмы, але пра некаторых чытаў. Пра Аляксандра Мілінкевіча чытаў, пра Аляксандра Лукашэнку ведаю. Ведаю, што нехта яшчэ хацеў балятавацца. Вайтовіч нібыта хацеў, Казулін хацеў. Пазьняка яшчэ ведаем”.

(Дзяўчына: ) “Амаль нікога ня ведаю – не было часу дазнавацца пра іх. Ведаю толькі аднаго, не, двух нават: таго, хто і зараз у нас прэзыдэнтам, і яшчэ Мілінкевіча”.

(Хлопец: ) “Я ведаю пра кожнага прэтэндэнта. А людзі, бывае, ня ведаюць і кажуць: “Ну, усе гэтыя Шушкевічы, Кебічы, яны ізноў лезуць!”

(Дзяўчына: ) “Галоўнага – ведаем. Таго, за каго зьбіраемся галасаваць – за Лукашэнку”.

(Спадар: ) “Ну, як я іх ведаю? Па прозьвішчах, чым займаліся. Найбольш ведаем тых, кім мы цікавімся, хто нас цікавіць. Назваць прозьвішчы? Мілінкевіч, Лукашэнка, Гайдукевіч, Пазьняк. Так, здаецца, усе... А, яшчэ Казулін. Вось так.”

(Спадар: ) “Ведаю аднаго – Мілінкевіча. Ну, і другога, само сабой. Астатніх ня ведаю”.

(Дзяўчына: ) “Нашага цяперашняга прэзыдэнта ведаю. Астатнія кандыдатуры мы пакуль не разглядалі. Але пакуль мы пэўныя, што будзем галасаваць менавіта за яго”.

(Спадар: ) “Я ведаю чацьвёра толькі : Мілінкевіч, Гайдукевіч і Казулін. Ну, і Лукашэнку, канечне! У сродках масавае інфармацыі пра іншых кандыдатаў амаль нічога не гавораць. Толькі пра аднаго. Хаця пра яго таксама шмат не гавораць – яго толькі ўвесь час паказваюць!”
XS
SM
MD
LG