Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбіральнік подпісаў з КХП БНФ скардзіцца ў пракуратуру


Радыё Свабода, Віцебск Асноўным парушэньнем выбарчага заканадаўства віцебскі зьбіральнік лічаць тое, што яму забараняюць зьбіраць подпісы ў інтэрнатах.

Найбольш актыўна зьбіраюць подпісы ў працоўных інтэрнатах віцебскія сябры ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка. Сябар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў напісаў ужо прынамсі дзьве скаргі ў пракуратуру Першамайскага раёну – на процізаконныя паводзіны камэнданта інтэрнату ліцэя №1 і загадчыцы комплексу інтэрнатаў тэлевізійнага заводу “Віцязь”.

Камэндант ліцэйскага інтэрнату не задаволілася прад''яўленым пасьведчаньнем зьбіральніка подпісаў і запатрабавала ад спадара Дзяржаўцава, каб ён ішоў па пісьмовы дазвол да дырэктара навучальнае ўстановы. Сваё нежаданьне пусьціць зьбіральніка ў інтэрнат яна патлумачыла тым, што сябар ініцыятыўнае групы, паводле ейных падазрэньняў, можа пранесьці ў будынак выбуховае прыстасаваньне.

У інтэрнаце № 4 тэлевізійнага заводу ў асобе Яна Дзяржаўцава таксама ўбачылі патэнцыйнага злачынцу: загадчыца Сьвятлана Неязжалава забараніла яму ўвайсьці на падставе таго, што ў мясцовых насельнікаў пачасьціліся выпадкі крадзяжоў маёмасьці.

(Дзяржаўцаў: ) “Яна забараніла ў катэгарычнай форме і сказала, што на сьценцы вісіць аб''ява, дзе напісана: у сувязі з выпадкамі крадзяжоў да 1.05.2006 уваход пабочным асобам у інтэрнат забаронены”.

Загадчыца Сьвятлана Неязжалава патлумачыла, што зьбіральнікі подпісаў ня мусяць парушаць унутранага распарадку інтэрнатаў. І што з прычыны небясьпекі крадзяжоў цягам двух дзён, па гадзіне штодня, яна дазваляла спадару Дзяржаўцаву ў суправаджэньні адмыслова прызначанага чалавека хадзіць па інтэрнаце.

На трэці дзень, паводле спадара Дзяржаўцава, загадчыца інтэрнатаў спаслалася на нейкі загад адміністрацыі, які забараняе ўваход зьбіральнікам подпісаў. Пазнаёміцца з загадам, патрымаць паперу ў руках і даведацца прозьвішча аўтара Яну Дзяржаўцаву не дазволілі. Цяпер ён спадзяецца, што Першамайская раённая пракуратура запатрабуе для вывучэньня гэты дакумэнт.

Самай першай зьбіральніцай подпісаў, якая зьвярнулася са скрагай у пракуратуру, была настаўніца Тацяна Севярынец, маці вядомага моладзевага лідара. Яна паскардзілася на тое, жыхарам дому, дзе яна зьбірала подпісы, на працы забаранілі падпісвацца за каго-небудзь, апрача Аляксандра Лукашэнкі. На заўтра спадарыню Севярынец выклікалі ў Першамайскую раённую пракуратуру на разьбіральніцтва скаргі.
XS
SM
MD
LG