Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежная газэта "Прессбол" адзначае 15-годзьдзе


Ігар Карней, Менск Сёньня свой юбілей адзначае папулярная спартовая газэта “Прессбол”. 15 гадоў таму ў гэты дзень выйшаў першы нумар недзяржаўнага выданьня, а зараз кіраўніцтва “Прессбола” ужо разглядае пра магчымасьць выхаду на мэдыя-рынкі суседніх краінаў. Перадусім, з-за таго, што працаваць на ўнутраным усё больш складана.

Газэта “Прессбол” выдаецца тройчы на тыдзень агульным накладам больш за 60 тысячаў асобнікаў. Больш за дзесяць гадоў галоўным рэдактарам зьяўляецца Ўладзімер Беражкоў.

Аглядаючыся назад, спадар Беражкоў канстатуе: складана ў Беларусі заставацца адначасна багатым і незалежным:

(Беражкоў: ) "Газэта “Прессбол” мае свае дасягненьні і недахопы. У дасягненьні я аднёс бы тое, што мы за 15 гадоў нікому не прадаліся; мы сёньня існуём на сродкі чытачоў. Але гэта ёсьць і недахопам газэты, таму што матэрыяльная база ў выданьня не настолькі моцная, каб мы не засьцерагаліся ад нейкіх пазоваў ці іншых катаклізмаў, якія, на жаль, адбываюцца з намі апошнім часам. Нашыя вартасьці выцякаюць з нашых недахопаў, і наадварот. Тут, пэўна, цяжка знайсьці залатую сярэдзіну. Цяжка быць незалежным і багатым. Таму трэба шукаць новыя рынкі, новыя шляхі і формы незалежнасьці”.

Уладзімер Беражкоў кажа, што стан газэты наўпрост залежыць ад посьпехаў беларускага спорту – менавіта добрыя навіны са спартовых арэнаў хацелася б несьці чытачам. Праўда, нагодаў да таго, каб падзяліцца з аматарамі задавальненьнем ад выступаў беларусаў, няшмат.

(Беражкоў: ) “Мы заўсёды глядзім у будучыню з аптымізмам. Газэта, якая жыве 15 гадоў, і ня проста жыве, а лідзіруе ў якіхсьці пазыцыях, натуральна, павінна глядзець наперад з аптымізмам. Хоць бы таму, што за намі – армія чытачоў.

Не баюся слова “армія”, таму што ня многія грамадзка-палітычныя газэты, уключна зь дзяржаўнымі, якія каштуюць танна ў шапіках і па падпісцы, саступаюць нам у накладзе. Таму ў нас вялікая адказнасьць і мы павядзем за сабой людзей, якіх “прыручылі”... Мы не палітычная газэта, і нашыя посьпехі шмат у чым залежаць ад посьпехаў беларускага спорту, пра які мы пішам.

І тут аўдыторыя для нас звужаецца, паколькі посьпехаў у беларускіх спартоўцаў ня так шмат, як хацелася б. Таму мы думаем у пэрспэктыве выходзіць на ўкраінскі, расейскі рынкі, а можа і яшчэ далей”.

Апошнім часам супрацоўнікі “Прессбола” – частыя госьці ў судах. Праўда, не па ўласнай волі. Як кажа спадар Беражкоў, беларускія чыноўнікі, якія ў рознай ступені курыруюць спорт, сталі надзвычай крыўдлівыя і з асаблівай ахвотай імкнуцца прыцягнуць рэдакцыю да адказнасьці. Як лічыць галоўны рэдактар, шмат хто быў бы ня супраць, каб “Прессбол” урэшце заняў больш сьціплае месца на мэдыя-рынку, альбо сышоў зь яго ўвогуле.

(Беражкоў: ) “Перакананы, што “Прессбол” на сёньня – гэта вельмі добры брэнд. Гэта газэта, якую шмат хто хацеў бы ці мець, ці купіць, ці “падмяць”, ці яшчэ неяк. Але ў любым разе, як мне падаецца, яна будзе жыць, не залежна ад таго, хто ёй будзе кіраваць. Мне так падаецца”.

Ва ўмовах нестабільнага рынку “Прессбол” выходзіць тройчы на тыдзень. Аднак у бліжэйшых плянах рэдакцыі – пераход на больш шчыльны графік.

Зьнешнія спасылкі: • pressball.by -- сайт газэты
XS
SM
MD
LG