Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі пачынаюць акцыю "Улада без Лукашэнкі"


Радыё Свабода Дробныя прадпрымальнікі пачынаюць кампанію “Ўлада без Лукашэнкі”. Яны заяўляюць, што будуць дамагацца адхіленьня цяперашняга кіраўніка краіны ад удзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах. Пра гэта сёньня абвясьцілі ініцыятары кампаніі.

Кампанію ладзіць шэраг актывістаў прадпрымальніцкага руху. У распаўсюджанай з гэтай нагоды заяве гаворыцца, што за час свайго прэзыдэнцтва Лукашэнка неаднаразова парушаў заканадаўства краіны. Гэтыя парушэньні, паводле дакумэнту, робяць яго ўладу нелегітымнай.

Гаворыць адзін з ініцыятараў кампаніі Ігар Леднік:

(Леднік: ) “Што тычыцца кампаніі “Ўлада без Лукашэнкі”, то, на жаль, у нашым грамадзтве не разглядалася законнасьць знаходжаньня Лукашэнкі ва ўладзе. У 1996 ён два гады дадаў да сваіх паўнамоцтваў без правядзеньня якіх бы там ні было выбараў.

Другі раз у 2004-м насуперак закону правёў рэфэрэндум, якім скасаваў тыя абмежаваньні, што былі ў Канстытуцыі пра знаходжаньне на прэзыдэнцкай пасадзе.

Гэтыя дзеяньні мы разглядаем як злоўжываньні ўладай з мэтай яе захаваньня неканстытуцыйным шляхам. Што тычыцца бязьдзеяньня ў дачыненьні да зьніклых, то гэта таксама бязьдзеяньне асобы, якая займае службовае становішча. Мы распачынаем гэтую кампанію ад імя ўсіх прадпрымальнікаў Беларусі”.

Як паведаміў спадар Леднік, адмысловыя лісты пра парушэньні Лукашэнкам беларускага заканадаўства ад імя прадпрымальнікаў будуць накіраваныя на адрас пракуратуры, Канстытуцыйнага суду і Цэнтрвыбаркаму.

Кампанія “Улада без Лукашэнкі”, паводле яе ініцыятараў, скіраваная на абарону правоў прадпрымальнікаў на легітымную прэзыдэнцкую ўладу. Калі б такая ўлада, на іх думку, была ў цяперашняй Беларусі, то бізнэсоўцы не пакутавалі б ад недасканалых прадпрымальніцкіх парадкаў. Як лічыць спадар Леднік, на прадпрымальніцкую ініцыятыву мусяць зьвярнуць увагу ўсе цяперашнія ўдзельнікі прэзыдэнцкай кампаніі:

(Леднік: ) “Мы павінны паставіць пытаньне перад тымі прэтэндэнтамі, якія пайшлі на выбары сумесна з Лукашэнкам. Па сутнасьці, іх крокі на ўдзел у выбарах перакрэсьліваюць прынцып роўнасьці ўсіх перад законам. Яны даюць Лукашэнку правы і далей быць ва ўладзе. Бо мы ведаем, што гэта будуць за выбары, які зараз ідзе ўціск, як уціскаюць людзей ва ўстановах, калі ідзе збор подпісаў. Напрыканцы будзе заяўлена, што выйграў Лукашэнка і гэта далей легатымізуе яго ўладу на доўгія гады наперад”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG