Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ангела Мэркель абмяркоўвае з Пуціным пытаньне Ірану


Юры Дракахруст, Прага Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель сёньня прыбыла з візытам у Маскву. Чакаецца, што адносіны паміж Нямеччынай і Расеяй стануць больш прахалоднымі, чым былі пры папярэдніку Мэркель – Герхардзе Шрэдэры, аднак паводле меркаваньняў экспэртаў стратэгічнае партнэрства паміж дзьвюма краінамі захаваецца. Галоўнай тэмай перамоваў паміж Мэркель і Пуціным стане крызіс вакол ядзерных амбіцыяў Ірану.

У нядаўнім інтэрвію часопісу "Шпігель" Ангела Мэркель заявіла, што для Нямеччыны Злучаныя Штаты зьяўляюцца “сябрам”, а Расея – “стратэгічным партнэрам”.

Канцлер патлумачыла, што прычына адрозьненьня ў тым, што існуе няшмат агульных каштоўнасьцяў, якія б падзялялі Нямеччына і Расея. Разам з тым яна дадала, што Бэрлін і Масква зацікаўленыя ў супрацоўніцтве ў шэрагу галінаў, прынамсі ў энэргетыцы.

На думку Алячксандра Рара, экспэрта Нямецкай рады зьнешняй палітыкі, у адносінах з Расеяй Ангела Мэркель зробіць стаўку на прагматызм.

(Рар: ) "Адносіны застануцца стратэгічнымі. Гэта азначае, што Нямеччына захавае зацікаўленасьць у эканамічным супрацоўніцтве з Расеяй, прынамсі ў энэргетычнай сфэры. Расея разглядае Нямеччыну, як правадніка расейскіх інтарэсаў на Захадзе. Імаверна, стыль адносінаў можа зьмяніцца, атмасфэра магчыма будзе адрознай ад так званай “мужчынскай дружбы” Шрэдэра і Пуціна. Але па сутнасьці адносіны застануцца важнымі і стратэгічнымі".

На думку экспэртаў, галоўным пытаньнем гэтага першага візыту новага кіраўніка нямецкага ўраду ў Расею стане праблема Ірану, а менавіта намер Тэгерану працягваць працы па ўзбагачэньні ўрану і магчымасьць перадачы іранскага дасье ў Раду бясьпекі ААН, што зьяўляецца крокам да прыняцьця санкцыяў супраць Ірану. На мінулым тыдні падчас візыту ў ЗША Мэркель выказала згоду з прэзыдэнтам Джорджам Бушам, што адносна Ірану прыйшоў час рашучых дзеяньняў.

Расея мае вельмі добрыя адносіны з Іранам, неаднойчы абараняла яго на міжнароднай арэне. Расея таксама зьяўляецца сталым сябрам Рады бясьпекі ААН і валодае правам вэта. Аднак у апошні час расейскія прадстаўнікі далі зразумець, што гатовы падтрымаць больш жорсткі падыход, калі не самі санкцыі. Тым ня менш, на думку аналітыка з маскоўскага аддзелу цэнтру Карнэгі Дзьмітрыя Трэніна, Пуцін дагэтуль не ўпэўнены, што перадача іранскага дасье ў Раду бясьпекі прымусіць Тэгеран адступіць.

(Трэнін: ) "Расейцы зададуць пытаньні: "Што адбудзецца пасьля таго, як мы накіруем іранскае дасье ў Раду бясьпекі ААН? Ці маеце вы плян дзеяньняў адносіна Ірану? Што адбудзецца, калі санкцыі стануць спусташальнымі ці неэфэктыўнымі? Ці маеце вы плян дзеяньняў адносна Ірану на доўгі тэрмін?" І ўсе гэтыя пытаньні патрабуюць адказаў".

Адной з тэмаў перамоваў канцлера Нямеччыны і прэзыдэнта Расеі стане праблема расейскіх паставак энэрганосьбітаў у Эўропу, праблема, актуальнасьць якой яскрава паказаў нядаўні газавы канфлікт паміж Расеяй і Украінай. Мэркель хацела бы атрымаць ад Пуціна гарантыю, што газавыя пастаўкі ня будуць выкарыстоўвацца як палітычная зброя. Але на думку нямецкага экспэрта Аляксандра Рара Ангела Мэркель мае невялікую свабоду манэўраў.

(Рар: ) "Калі спадарыня Мэркель будзе адстойваць пункт гледжаньня новых, усходнеэўрапейскіх сябраў Эўразьвязу, ёй ня будзе што прапанаваць Пуціну, і ўзьнікне пытаньне, што яна робіць у Расеі. Ці будзе яна вельмі крытычна ставіцца да расейскай палітыкі і пры гэтым спалучаць гэта з пытаньнем ролі Нямеччыны, як правадніка расейскіх інтарэсаў? Ці яна ізноў сасьлізьне ў боты Герхарда Шрэдэра і Гельмута Коля і стане сябрам Расеі?"

На думку экспэртаў Нямеччына ў прыватнасьці не адмовіцца ад супольнага з Расеяй праекту пабудовы газаправоду паўз дно Балтыйскага мора, які выклікае рэзкую крытыку Польшчы і балтыйскіх краінаў.

Гл. таксама • Дэпутаты Бундэстагу патрабуюць, каб Мэркель абмеркавала ў Маскве і беларускае пытаньне
XS
SM
MD
LG