Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Скрабец называе суд фарсам і палітычнай расправай


Радыё Свабода У Вярхоўным судзе Беларусі пачаўся працэс над Сяргеем Скрабцом, былым кіраўніком апазыцыйнай дэпутацкай групай “Рэспубліка”, які цяпер спрабуе вылучыцца кандыдатам на прэзыдэнта. Ужо на пачатку працэсу Сяргей Скрабец заявіў, што не давярае судзьдзю і прадстаўніку пракуратуры, абвінаваціўшы іх у тым, што выконваюць замову яго пакараць.

Зь першых хвілінаў працэсу над Сяргеем Скарбцом, які пачаўся ў Вярхоўным судзе Беларусі 16 студзеня, выявіліся нечаканыя моманты, якія могуць зацягнуць судовы разгляд. Гэтак, Сяргей Скрабец заявіў, што яго не пазнаёмілі з пастановай аб пачатку працэсу, а свой подпіс, які стаіць на копіі пастановы, назваў фальшыўкай. Нечаканасьці працягваліся і далей. Сяргей Скрабец заявіў пра недавер усім службовым асобам, якія задзейнічаны ў працэсе: судзьдзю, прадстаўніку пракуратуры, а таксама адвакату. Вось як Сяргей Скрабец патлумачыў сваю пазыцыю суду. (Гэты запіс я зрабіў максымальна блізка ад жалезнай клеткі, у якой зачынены былы дэпутат.)

(Скрабец: ) “Сёньня суды ў нас зьяўляюцца зброяй супраць палітычных супернікаў, таму я не магу давяраць суду, які цалкам заказны”.

Судзьдзя Віктар Ракіцкі не задаволіў хадайніцтва Сяргея Скрабца аб недаверы суду, прадстаўніку пракуратуры і адвакату. Судзьдзя матываваў сваё рашэньне тым, што Сяргей Скрабец не падаў доказаў неаб’ектыўнасьці гэтых людзей. Таксама судзьдзя Ракіцкі адхіліў просьбу Скрабца выклікаць у суд як сьведак Аляксандра Лукашэнку, сьпікера парлямэнту Ўладзімера Канаплёва, старшыню Камітэту дзяржкантролю Анатоля Тозіка і былога генэральнага пракурора Віктара Шэймана. Сяргей Скрабец мяркуе, што гэтыя службовыя асобы маюць дачыненьне да зьяўленьня крымінальнай справы супраць яго, якую ён называе “фальшывай і палітычна матываванай”. І з гэтым хадайніцтвам абвінавачанага судзьдзя не пагадзіўся.

Нагадаю, Сяргея Скрабца абвінавачваюць у шэрагу злачынстваў, у тым ліку падрыхтоўцы да хабарніцтва, выманьваньні крэдыту, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Яму пагражае да 8 гадоў зьняволеньня. Але вінаватым сябе Сяргей Скрабец не прызнае. На знак пратэсту ён ужо 15-ты дзень трымае галадоўку. Дарэчы, з 15 траўня, калі Сяргея Скрабца затрымалі, гэта ўжо трэцяя галадоўка. Яшчэ раней, увесну 2004 году, ён галадаваў разам з дэпутатамі Валерам Фраловым і Ўладзімерам Парфяновічам, дамагаючыся зьменаў у Выбарчы кодэкс. Трохразовы алімпійскі чэмпіён, апазыцыйны палітык Уладзімер Парфяновіч сёньня прыйшоў на працэс над Сяргеем Скрабцом, каб маральна падтрымаць сябра.

(Парфяновіч: ) “Не відаць, каб яго зламалі. Не павінны такія хлопцы ламацца. Таму вельмі рады, што ўбачыў яго ў добрым настроі, але вельмі цяжка яму, маральна вельмі цяжка”.

Разам зь Сяргеем Скрабцом судзяць ягонага брата Аляксандра. Ён часткова прызнае сябе вінаватым паводле эпізоду аб выманьваньні крэдыту для фірмы “Белбабаеўскі”, у якой працаваў, калі Сяргей Скрабец быў дэпутатам. Пры гэтым Аляксандар Скрабец лічыць, што прэтэнзіі да ягонага брата выглядаюць палітычным перасьледам. Што да іншых удзельнікаў працэсу, то яны ад камэнтароў пакуль устрымліваюцца.

Працэс адновіцца заўтра, 17 студзеня, пасьля праверкі подпісу Сяргея Скрабца на копіі пастановы аб пачатку слуханьняў.
XS
SM
MD
LG