Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ведаюць выбаршчыкі імёны прэтэндэнтаў на прэзыдэнта?


Радыё Свабода Ініцыятыўныя групы сямёх прэтэндэнтаў працягваюць зьбіраць подпісы за вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты. Ці ведаюць іх людзі? Адказваюць на гэтае пытаньне людзі на менскіх вуліцах.

(Спадарыня: ) “Нікога ня ведаю, акрамя Лукашэнкі. Беларускае тэлебачаньне ўключыш, акрамя Рыгоравіча, нікога няма. І па радыё. Дык якая інфармацыя можа быць? Адкуль яна можа паступіць? З газэтаў мы таксама не атрымліваем інфармацыі ніякай. “Народную Волю” ж забаранілі”.

(Спадар: ) “Нікога яшчэ ня ведаю — акрамя Рыгоравіча, у нас прэзыдэнтаў няма і ня будзе бліжэйшыя, пэўна, гадоў дзесяць. Таму што ніякай інфармацыі пра іншых кандыдатаў проста няма. Нідзе”.

(Спадар: ) “Я ведаю чатырох прэтэндэнтаў: цяперашні кіроўны, Мілінкевіч і былы рэктар БДУ... Агітацыйная кампанія ня вельмі моцная. Мы бачым у пераходзе збор подпісаў. А ў газэтах гэта не друкуецца, як трэба”.

(Спадар: ) “Казулін, Мілінкевіч, Лукашэнка. Вайтовіч, здаецца, зьняў сваю кандыдатуру. Пазьняк… Ня памятаю больш”.

(Карэспандэнт: ) “Ці дастаткова інфармацыі?”

(Спадар: ) “Адмоўнай многа. Станоўчай — мала”.

(Дзяўчына: ) “Ну, я ведаю Мілінкевіча. Яшчэ, здаецца, дзейны прэзыдэнт. Асабліва няма часу і магчымасьці азнаёміцца з інфармацыяй”.

(Спадар: ) “Акрамя прэзыдэнта — не. Няма інфармацыі, проста ня бачу яе нідзе. Я проста бачыў, што стаялі людзі, зьбіралі подпісы”.

(Юнак: ) “Я ведаю толькі двух — Мілінкевіча і Лукашэнку. Таму што не было ніякай агітацыі, ніякіх улётак, як раней. Інфармацыі мала. Я бачыў інтэрвію Мілінкевіча”.

(Бабуля: ) “Васьмёра было, цяпер сямёра засталося. Я чытаю “Народную Волю” і “Свободные новости”, цікаўлюся гэтым, таму ў курсе ўсіх падзеяў”.

(Пэнсіянэрка: ) “Я ўсіх ня ведаю, але мяне задавальняе наш прэзыдэнт. Людзі проста дурэюць “з тлушчу”. Навошта ж мне ведаць гэтых чужых людзей, якія наагул, Бог ведае адкуль пазьбіраліся і кожны пхнецца валодаць уладай”.

(Спадар: ) “Канечне, нашага прэзыдэнта ведаю, Мілінкевіча, Вайтовіча. Інфармацыі вельмі мала. Ведаючы, якая інфармацыя ўвесь час у нас падаецца, няма жаданьня нават чытаць і глядзець тэлебачаньне”.

(Пэнсіянэр: ) “Ведаю ўсіх. Ну, Пазьняка я добра ведаю. Кожны павінен неяк сваю думку мець, а ў нас, як авечкі”.

(Бабуля: ) “Ведаю аднаго толькі — Лукашэнку. А не хачу больш нікога ведаць. Нас гэты задавальняе”.

(Маладзён: ) “Усіх ня ведаю, але ведаю сапраўды двух: Мілінкевіча, Лукашэнку. Гайдук яшчэ і Зянон Пазьняк”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG