Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Сярэдзіч сам суправаджае "Народную Волю" са Смаленску


Радыё Свабода Сёньня галоўны рэдактар недзяржаўнай газэты “Народная Воля” Іосіф Сярэдзіч паехаў ў Смаленск з тым, каб суправаджаць надрукаваныя на мясцовым паліграфічным камбінаце 5-6 падвойны і 7 нумары газэты. Апошні выдадзены 100-тысячным накладам і цалкам прысьвечаны маючым адбыцца ў сакавіку прэзыдэнцкім выбарам.

Разам з Іосіфам Сярэдзічам у Смаленск паехаў экс-старшыня Вярхоўнага савету 12-га скліканьня Мечыслаў Грыб, які цяпер кіруе перадвыбарчым штабам патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнты Аляксандра Казуліна.

Як паведаміў Радыё Свабода Іосіф Сярэдзіч, чакаецца, што прыкладна а 19-й гадзіне аўтамабіль з накладам “Народнай Волі” будзе пераязджаць расейска-беларускую мяжу.

Галоўны рэдактар газэты Іосіф Сярэдзіч прыняў рашэньне асабіста суправаджаць надрукаваныя на Смаленскім паліграфічным камбінаце газэты пасьля таго, як сёлета двойчы 3 і 9 студзеня на мяжы прадстаўнікі беларускіх мытных службаў затрымлівалі наклад газэты. Абодва разы 27 тысячаў асобнікаў “Народнай Волі” арыштоўвалі на той падставе, што нібыта суправаджальныя дакумэнты не былі аформленыя належным чынам.

Першы раз наклад “Народнай Волі” вярнулі выдаўцу, суткі пратрымаўшы ў Добровенскім аддзеле міліцыі. Другі раз газэты знаходзіліся ў міліціі амаль трое сутак і былі вызваленыя з-пад арышту толькі пасьля таго, як галоўны рэдактар сам паехаў у Дуброўна і цягам 7 гадзінаў вёў перамовы з кіраўніцтвам адзелу міліцыі.

Цяпер, як запэўнівае Іосіф Сярэдзіч, ён мае з сабой усе неабходныя дакумэнты, якія ў яго могуць запатрабаваць мытныя службы.

Прыблізна а пятай гадзіне па беларускім часе машына выехала са Смаленску. У іншай машыне вязуць наклад газэтаў "Товарищ" і "БДГ". Пра тое, ці атрымаецца без праблемаў правезьці празь беларускую мяжу ўсе гэтыя выданьні – у нашым вечаровым эфіры і пазьней на нашым сайце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG