Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дзякуючы такім людзям, як мая маці, Аляксандар Рыгоравіч і надалей будзе заставацца пры ўладзе”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Ужо больш як паўмесяца ў Беларусі працягваецца выбарчая кампанія — праз два тыдні завяршыцца збор подпісаў за вылучэньне сямёх палітыкаў кандыдатамі на галоўную пасаду ў дзяржаве. Але ці ведае большасьць беларускага насельніцтва гэтыя сем імёнаў? Некаторыя нашы слухачы, аўтары лістоў на “Свабоду”, лічаць, што многія людзі ў Беларусі альбо ня чулі пра пачатак выбарчай кампаніі, альбо не цікавяцца ёю, паколькі ня бачаць на пасадзе кіраўніка дзяржавы іншага палітыка, апроч дзейнага прэзыдэнта. Пра вытокі гэтай зьявы разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” Ўладзімер Капаеў з Касьцюковічаў. Слухач піша:

“Калі ў вялікіх гарадах жыць яшчэ можна, дык у райцэнтры, на пэрыфэрыі — не жыцьцё, а адно існаваньне. Значная частка гаспадарак у раёне стратныя. Каб неяк стачыць канцы з канцамі, калгасы сталі аб’ядноўваць. Але такі “шлюб” вялікіх вынікаў не дае. Сельская гаспадарка трашчыць па швах. Не ратуюць нават гарадзкія арганізацыі, якія пад прымусам павінны, апроч сваёй асноўнай дзейнасьці, рамантаваць калгасную тэхніку, ды яшчэ зь вясны да восені займацца сельгасработамі.

Вялікае марнатраўства — прымусовае будаўніцтва жыльля ў вёсцы. Будуюць яго часам там, дзе яно зусім не патрэбна. А менавіта, у малапэрспэктыўных вёсках, у радыяцыйнай зоне, куды маладога спэцыяліста на вяроўцы не зацягнеш. У нашым гарадку прадпрыемстваў мала, уладкавацца на працу бяз блату — вельмі праблематычна. Каб неяк выжыць, дзясяткі і сотні людзей езьдзяць “батракамі” ў Маскву, Піцер, а то і ў далёкае замежжа. Бо ва ўласнай краіне добрыя заробкі — хіба што ў начальнікаў”.

Далей у сваім лісьце на “Свабоду” Ўладзімер Капаеў з Касьцюковічаў разважае пра тое, чаму многія людзі сталага веку ня хочуць зьменаў. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Мая маці аддала дзяржаве 44 працоўныя гады. З 10-гадовага ўзросту працавала нароўні з дарослымі за працадні. У яе ніколі не было часу пачытаць кнігу ці газэту. І што ж атрымала за гэта? Адзін толькі просьценькі мэдаль “Вэтэран працы”. А ў дадатак — кучу хваробаў. Ці вось дах у доме цячэ, і нікому да гэтага няма справы. Аднак маці, нягледзячы на ўсё гэта, гатова да апошняга абараняць Лукашэнку. “Ён добры, лае ўсіх міністраў і галоўнае — своечасова плаціць пэнсію”. На гэтым яе аргумэнты заканчваюцца. Дзякуючы такім людзям, як мая маці, якіх дзяржава зрабіла рабамі і ў якіх дагэтуль у галовах сядзіць савецкая ідэалёгія, Аляксандар Рыгоравіч і надалей будзе заставацца пры ўладзе”.

Ваша маці, спадар Капаеў, як і сотні тысяч іншых вясковых людзей, памятаюць час, калі пэнсіяў калгасьнікам увогуле не плацілі, а з падворкаў забіралі апошняе, калі за цяжкую працу ў калгасе чалавек не атрымліваў ні капейкі. Відавочна, той цяжкі жыцьцёвы досьвед і прымушае людзей сталага веку быць на схіле гадоў асьцярожнымі і цаніць тое, што ёсьць. Нават калі ёсьць ня так шмат, і яно вам падаецца ня вартым увагі. Гэта адметнасьць ня толькі беларускіх старых. І ставіцца да гэтых псыхалягічных асаблівасьцяў даводзіцца цярпіма і з разуменьнем. Гэта нашы бацькі і дзяды: перарабіць, перавыхаваць, прымусіць іх памяняць погляды наўрад ці магчыма. А без агульнай мовы не абысьціся. Асабліва палітыкам, якія разьлічваюць на тое, што рана ці позна зьмены ў Беларусі ўсё ж насьпеюць і адбудуцца.

Васіль Місюгін зь Менску ў сваім лісьце разважае пра нядаўні расейска-ўкраінскі газавы канфлікт і пра яго магчымыя наступствы для Беларусі. Слухач піша:

“Спроба Крамля паўплываць на палітычную сытуацыю ва Ўкраіне (няспынная валтузьня вакол газу) сьведчыць аб тым, што газ ператварыўся ў своеасаблівую дубіну, з дапамогай якой расейскія кіраўнікі спадзяюцца вырашыць праблему вялікадзяржаўнага сьвербу. Гэты сьверб не дае ні сну, ні спакою шмат каму ў Расеі. А ўвогуле, цэнавая палітыка “Газпрому” адносна так званага блізкага замежжа паказала, што на постсавецкай прасторы склаўся новы тып міждзяржаўных узаемаадносінаў. Нізкі кошт газу для Беларусі — гэта толькі адтэрміноўка на кароткі час, да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Так гэта ці не, даведаемся ўжо ў трэцяй дэкадзе сакавіка. Прычым, незалежна ад сыходу выбараў”.

Дамова беларускага ўраду з расейскім “Газпромам” падпісана на год, спадар Місюгін, так што нізкія кошты на газ для Беларусі павінны захавацца ажно да наступнага студзеня. А вось у тым, што далей яны будуць падвышацца, ніхто не сумняецца. Дарэчы, тое, што цэны на паліва становяцца інструмэнтам палітычнага ціску, непакоіць і беларускае кіраўніцтва. Невыпадкова ўсім прадпрыемствам даводзяцца плянавыя заданьні ўсё больш маштабнага пераходу на мясцовае паліва. І альтэрнатыўных пастаўшчыкоў імпартнага паліва беларускія ўлады таксама шукаюць — як, дарэчы, гэта робяць і ва Ўкраіне, і ў краінах Балтыі.

На тэму выбараў піша ў сваім лісьце на “Свабоду” Міхаіл Гранкоўскі зь Дзятлава:

“Што чакае ад будучага прэзыдэнта большая частка насельніцтва? Традыцыйна: каб не было вайны; каб ня стала горш; каб не была адным махам прададзена (ці, што яшчэ горш — разрабавана) дзяржаўная маёмасьць. Дзейны прэзыдэнт яшчэ карыстаецца вельмі значнай падтрымкай. Таму было б няправільна ўсё тое, што існуе, агулам адмаўляць. Адзіны дэмакратычны кандыдат павінен данесьці да сьвядомасьці людзей: многае з таго, што цяпер робіцца і плянуецца, ім будзе зроблена лепш і хутчэй. А вось радыкалізм ва ўмовах сітуацыі, якая склалася на сёньня ў Беларусі (з улікам мэнтальнасьці большай часткі насельніцтва) думаю, не падыходзіць”.

Далей у сваім лісьце Міхаіл Гранкоўскі зь Дзятлава разважае пра тое, чаго чакаюць ад новага прэзыдэнта розныя групы насельніцтва. Вось як слухач апісвае чаканьні пэнсіянэраў:

“Старыя людзі чакаюць, што будуць зроблены захады дзеля вяртаньня ашчаджэньняў, якія “згарэлі” ў Ашчадным банку, што вырашацца пытаньні з прыватызацыйнымі чэкамі “Маёмасьць” і “Жыльлё”. Кандыдат не павінен лаяць часы іх маладосьці. Павінен абяцаць падвышэньне і своечасовую выплату пэнсіяў, а таксама адкрыцьцё дамоваў для састарэлых… Адрасу не падаю, бо могуць быць непрыемнасьці на працы. Прозьвішча таксама зьменена”.

У вашым лісьце, спадар Гранкоўскі, зусім слушныя развагі памяркоўнага чалавека, якія, мне падаецца, яшчэ зусім нядаўна маглі быць надрукаваныя нават у дзяржаўнай прэсе — ну, хоць бы ў парадку дыскусіі. Ваша прыпіска да ліста, аднак, сьведчыць пра тое, што атмасфэра ў грамадзтве імкліва мяняецца. Чаму людзі баяцца адкрыта выказваць нават вельмі асьцярожную крытыку на адрас улады, нават намёкі на тое, што дзейная ўлада можа быць зьмененая? Гэта ж не супярэчыць ні Канстытуцыі, ні законам, ні нават нядаўна прынятым прпраўкам да Крымінальнага кодэксу? Адказ на гэтыя пытаньні ў Беларусі ведаюць, бадай, усе.

Адзначу таксама, што падобныя прыпіскі ў лістах нашых слухачоў з просьбай не называць сапраўднае прозьвішча і адрас апошнім часам сустракаюцца ўсё часьцей.

На заканчэньне кароткі ліст ад Мікалая Лабанава з Магілёва. Разам зь лістом спадар Лабанаў даслаў сваё выдадзенае Цэнтральнай выбарчай камісіяй пасьведчаньне сябра ініцыятыўнай групы, якая зьбірае подпісы за вылучэньне кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча. У лісьце слухач піша:

“Я рос і цяпер жыву ў галечы. Але быў і застаюся справядлівым актывістам, а таму падчас выбараў зьбіраю подпісаў больш за іншых. Штабы ўсіх прэтэндэнтаў мяне ведаюць і запрашаюць. Але ўладзе я, напэўна, не спадабаўся, і мяне выбілі з каляіны. Кажуць, нічога паправіць ужо нельга. Няўжо гэта так? Час жа яшчэ ёсьць…”

У пасьведчаньні сябра ініцыятыўнай групы, якое разам зь лістом даслаў Мікалай Лабанаў, пераблытанае яго прозьвішча. Відавочна, на гэтай падставе яму не дазваляецца зьбіраць подпісы. З пэўнасьцю, спадар Лабанкоў, цяжка сьцьвярджаць, хто дапусьціў памылку: ці то вы, падаючы дакумэнты на рэгістрацыю, ці супрацоўнікі камісіі, афармляючы пасьведчаньне. У кожным разе, выправіць памылку можа толькі Цэнтравыбаркам, які гэтыя пасьведчаньні выдаваў. І зьвяртацца вам неабходна туды. Іншая справа, што часу на выпраўленьне памылкі, сапраўды, застаецца няшмат: збор подпісаў працягнецца толькі да 27 студзеня.

Цягам мінулых дзён нам таксама напісалі Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, Міхаіл Леках з Рыгі і Алесь Марціновіч з Баранавічаў. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG