Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскі ліквідатар галадуе ўжо 30 дзён


Радыё Свабода У Калінкавічах у мясцовай паліклініцы месяц галадае чарнобыльскі ліквідатар Васіль Сіліверст. Галадоўкай Васіль Сіліверст дамагаецца, каб прызналі, што прычынай яго захворваньняў і інваліднасьці зьяўляецца ўдзел у ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы.

Падчас месячнай галадоўкі Васіль Сіліверст ня толькі зьвяртаўся па дапамогу да мясцовых лекараў. Ён даваў таксама тэлеграму на імя міністра аховы здароўя Рудэнкі, тэлефанаваў на нумар гарачай лініі міністэрства, накіраваў заяву генэральнаму пракурору Беларусі з просьбай разабрацца, чаму ягоныя захворваньні ды інваліднасьць ня хочуць зьвязваць з Чарнобылем.

Кіраўніцтву раённага мэдычнага аб’яднаньня гэта не спадабалася. На адрас чарнобыльскага ліквідатара апошнімі днямі гучалі прэтэнзіі, што ён сваёю галадоўкай нібыта тэрарызуе паліклініку. Спадар Сіліверст вымушаны быў зьвярнуцца да раённага пракурора Сяргея Ярмоленкі і патлумачыць матывы галадоўкі.

Урэшце галоўны лекар мэдычнага аб’яднаньня Аляксандар Шаўко паведаміў, што накіруе ў рэспубліканскі экспэртны савет хадайніцтва, каб Васілю Сіліверсту паўторна зрабілі экспэртызу. Аляксандар Шаўко паведаміў:

(Шаўко: ) “Ліст даслалі ў пятніцу ў рэспубліканскі эспэртны савет. Просім, каб яны зрабілі яму паўторны агляд”.

Сакратарка экспэртнага савету спадарыня Навіцкая, незалежна ад калінкавіцкіх мэдыкаў, даслала на імя Васіля Сіліверст ліст наступнага зьместу: “У адказ на ваш зварот прынята рашэньне наконт правядзеньня незалежнай эспэртызы па матэрыялах вашай справы ў Навукова-практычным цэнтры “Кардыялёгія”.

Спадар Сіліверст так пракамэнтаваў гэтае паведамленьне:

(Сіліверст:) “Я так лічу, што яны паглядзяць мае дакумэнты і безь мяне зробяць заключэньне. У 2003 годзе я быў у Інстытуце кардыялёгіі, езьдзіў туды. Мяне там правяралі. Сказалі, каб я прайшоў каранаграфію дзеля вызначэньня канчатковага дыягназу. Тады гэта было платна, каштавала 400 даляраў — 800 тысяч рублёў на беларускія грошы. Я кажу ім: у мяне такіх грошай няма”.

Ці спатрэбяцца грошы гэтым разам, Васіль Сіліверст ня ведае. На 31-шы дзень галадоўкі ён пачувае сябе ня лепшым чынам. Скардзіцца на высокі ціск і часты боль у сэрцы. У спадара Сіліверста гэта ўжо другая працяглая галадоўка з прычыны таго, што ягоныя захворваньні ды інваліднасьць ня зьвязваюць з Чарнобылем. Мінулай вясной чарнобыльскі ліквідатар галадаваў 25 дзён.
XS
SM
MD
LG