Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паўла Севярынца накіравалі на лесапавал


Радыё Свабода Павал Севярынец, які адбывае “хімію” ў Полацкім раёне, выпраўлены на працу на лесапавал. Такім чынам, калі раней ён працаваў штабялёўшчыкам бярвеньня на станцыі Алёшча, дык цяпер абсякае сучча на аддаленай лясной дзялянцы.

Гаворыць Павал Севярынец.

(Севярынец: ) “Вось ужо некалькі дзён працую сукарубам у лесе. Хутчэй за ўсё, перавялі мяне ў лес у зьвязку з тым, што я правёў у Алёшчы, дзе працаваў раней, своеасаблівы “праймэрыз”. Брыгада, у якой працую, прагаласавала (натуральна, патаемна) на імправізаваных выбарах паводле тых кандыдатаў, якія зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы. І вынікі былі такія, якіх ніхто не чакаў: Лукашэнку аддалі галасы 10% удзельнікаў, Мілінкевічу — 70%, а 20% не скарысталі сваіх бюлетэняў. Пасьля таго па Алёшчы і Малым Сітне пачалі пашырацца зьвесткі пра тое, што большасьць у вёсках — за Мілінкевіча, і начальства перапужалася. У выніку цяпер працую зь лесарубамі: валім лес. І спэцыяльнасьць мая называецца “сукаруб трэцяга разраду”.

Паводле Паўла, у Малым Сітне, дзе ён жыве, чакаюць прыезду адказных работнікаў райвыканкаму, якія непасрэдна будуць займацца падрыхтоўкай выбараў. Сам ён таксама ўважліва сочыць за пэрыпэтыямі выбарчай кампаніі і зьвярнуўся да Аляксандра Казуліна, Валер’я Фралова ды Сяргея Скрабца з заклікам:

(Севярынец: ) “Карыстаючыся выпадкам, хацеў бы зьвярнуцца да прэтэндэнтаў у кандыдаты Аляксандра Казуліна, Валер’я Фралова і Сяргея Скрабца з заклікам зьняць свае кандыдатуры на карысьць Аляксандра Мілінкевіча, не чакаючы вынікаў збору подпісаў. Ня трэба даваць Ярмошынай і Цэнтравыбаркаму магчымасьці выбіраць найбольш зручнага суперніка для Лукашэнкі ў гэтай кампаніі”.

Зьнешнія спасылкі: • Афіцыйны сайт П.Севярынца
XS
SM
MD
LG