Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтарам "антыпрэзыдэнцкіх" графіці пагражае крымінальная справа


Радыё Свабода Трэці дзень застаюцца за кратамі затрыманыя ў цэнтры Менску дзевяць грамадзянаў Расеі й два беларусы. Улады падазраюць іх у напісаньні графіці “антыпрэзыдэнцкага характару”, што разглядаецца як хуліганства паводле артыкулу 339, частка 2 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Згодна з названым артыкулам асобу могуць пакараць арыштам ад трох да шасьці месяцаў, альбо абмежаваньнем волі да пяці гадоў, альбо пазбаўленьнем волі ад аднаго да шасьці гадоў. Паводле беларускага заканадаўства, падазраваных у падобнай справе могуць трымаць пад вартай да суду два месяцы.

Начальнік прэс-цэнтру Менскай гарадской міліцыі Алег Сьлепчанка паведаміў наконт гэтай справы:

(Сьлепчанка: ) “Заўтра, 17 студзеня, заканчваецца тэрмін прад’яўленьня абвінавачаньня. Тым ня менш, паводле артыкулу 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, калі будзе неабходнасьць, могуць і працягнуць тэрмін утрыманьня пад вартай”.

Паводле Алега Сьлепчанкі, некаторыя графіці ўтрымліваюць нецэнзурныя словы. Затрыманыя не прызнаюць сваёй віны, але міліцыя цьвердзіць, што мае сьведкаў.

Расейская амбасада ў Беларусі паінфармаваная пра здарэньне. Вось як камантуе сытуацыю прэс-аташэ амбасады Аляксандар Фралоў:

(Фралоў: ) “Мы назіраем за сытуацыяй. Супрацоўнікі консульскага аддзелу ў пастаянным кантакце зь беларускімі ўладамі і высьвятляюць сытуацыю”.

Расейскае Міністэрства замежных справаў на інцыдэнт афіцыйна не адрэагавала.

Тым часам, сваякі затрыманых расейцаў пачалі зьвяртацца ў праваабарончыя арганізацыі.

(Балдыкіна: ) “Мы ўяўлялі сытуацыю ў Рэспубліцы Беларусь. І я свайго брата пытала: “А што, калі раптам?..” А ён казаў: “Ды не, не хвалюйся, усё будзе добра”, — апавяла Кацярына Балдыкіна, сястры аднаго з затрыманых.

Цяпер дзевяць расейцаў і два беларусы ўтрымліваюцца ў сьледчым ізалятары Менскага гарадзкога ўпраўленьня ўнутраных справаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG