Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пачынаецца суд над Сяргеям Скрабцом


Уладзімер Глод, Менск Яго справа знаходзіцца ў вышэйшай судовай інстанцыі краіны – Вярхоўным судзе Беларусі. Кіраўніка дэпутацкай групы "Рэспубліка" ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня абвінавачваюць у трох парушэньнях закону: выманьваньні крэдытаў, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і падрыхтоўцы да дачы хабару. Дадатковую цікавасьць гэтаму працэсу надае і тое, што спадар Скрабец зьяўляецца адным з сямі патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнты Беларусі. Ці можа гэта нейкім чынам адбіцца на лёсе вядомага апазыцыйнага палітыка?

Да таго часу, пакуль Сяргею Скрабцу ня будзе вынесены абвінаваўчы прысуд, ён, згодна з дзейным заканадаўствам, мае права ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Аднак статус патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнты не выратоўвае былога парлямэнтара ад судовага перасьледу. Менавіта так цьвердзіць старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына:

(Ярмошына: ) "Ён (Скрабец) не атрымае ніякага імунітэту. Выбарчы кодэкс не зьвязаны з крымінальнымі справамі. Тым ня менш, у выпадку абраньня яго прэзыдэнтам, канешне, могуць узьнікнуць пытаньні".

Сакратар Цэнтарвыканкаму Мікалай Лазавік дадае да гэтага, што менавіта аб''яўлены прысуд стане той мерай, якая вызначыць далейшы лёс Сяргея Скрабца. Калі прысуд будзе не на карысьць былога дэпутата, дык тады адразу ўступіць у сілу палажэньне аб непагашанай судзімасьці, і яго здымуць з выбарчай гонкі.

Рэгістрацыя кандыдатаў будзе праходзіць з 12 па 21 лютага. Колькі працягнецца суд, зразумела, дакладна сёньня не вядома. Можна ўзгадаць, што справа яшчэ аднаго былога дэпутата – Мікалая Скутава, якая ў некаторых дэталях, нагадвае справу Сяргея Скрабца, разглядалася летась у тым жа Вярхоўным судзе літаральна тры дні. Але тут будзе больш, паколькі разгляд пачынаецца сёньня, а бацька Скрабца выкліканы ў суд у якасьці сьведкі на 23 студзеня, жонка Скрабца (таксама як сьведка) на 26 студзеня... І таму адвакат былога парлямэнтара – Алег Дубавец гаворыць:

(Дубавец: ) "Невядома пакуль. Але раней за 26 студзеня не закончыцца".

Жонка былога дэпутата – Аляксандра Скрабец гаворыць, што яна вельмі ўжо стамілася ад напружанага чаканьня. Але нічога добрага ад суду яна не чакае. Як, дарэчы, і маці Сяргея Скрабца:

(Ніна Скрабец: ) "Яны хочуць даць яму па максымуму, я так разумею. Размаўляла са сьледчым. І кажу: ведаю, якое абвінавачваньне вы яму падрыхтавалі. Я кажу сьледчаму: можаце верыць, можаце ня верыць. Але мой сын капейкі не прынёс у дом з гэтых грошай".
XS
SM
MD
LG