Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мы ня будзем байкатаваць кампанію", – кажа Аляксандар Дабравольскі


Падрыхтавала Сьвятлана Курс Агляд сёньняшняга недзяржаўнага друку

У тыднёвіку “Белорусы і рынок” эканаміст Леанід Злотнікаў (артыкул “Ілюзіі разьвейваюцца”) аналізуе прычыны росту беларускай эканомікі. На ягоную думку, спрацавалі зьнешнія чыньнікі – 20-25% бюджэту краіны складаюць расейскія субсыдыі. Беларускую дзяржаву падтрымлівае і Эўразьвяз праз сыстэму прэфэрэнцый у зьнешнім гандлі. Яшчэ адна прычына стабільнасьці – праяданьне савецкай спадчыны. За шыльдаю “стабільнасьці і квітненьня” хаваецца знос асноўных фондаў і камунікацыяў, нізкая эфэктыўнасьць выкарыстаньня рэсурсаў і тэхналягічнае адставаньне. Мадэрнізацыя абсталяваньня пры цяперашняй эканамічнай палітыцы зойме паўстагодзьдзя, у той час як у разьвітых краінах яна праводзіцца кожныя 5-7 гадоў. “Без адмовы ад цяперашняй мадэлі разьвіцьцё эканомікі немагчымае. Калі, натуральна, не адбудзецца дзіва: напрыклад, заміж Масквы беларусаў будзе ўтрымліваць Вашынгтон,” – рэзюмуе эканаміст.

Кіраўніцтва Беларусі намагаецца павялічыць патэнцыял войска. Упершыню за гісторыю незалежнасьці Беларусь набыла 10 навучальна-трэнінгавых самалётаў. Увогуле іх колькасьць узрасьце да 39, цьвердзіць міністар абароны. Навучацца ваенныя лётчыкі будуць толькі ў Беларусі, бо “байца за сваю краіну нельга выхаваць у іншай краіне,” – думка прадстаўніка Мінабароны. Пра мадэрнізацыю ваенна-паветраных сілаў піша аўтар тыднёвіка Аляксандар Алесін.

“Бой ці байкот” – якой будзе тактыка апазыцыі? “Белгазета” у рубрыцы “Візаві” друкуе інтэрвію з экс-сьпікерам Савету Рэспублікі, экс-прэзыдэнтам НАН Аляксандрам Вайтовічам, які сышоў з выбарчае дыстанцыі, ды з намесьнікам старшыні АГП Аляксандрам Дабравольскім. Акадэмік Вайтовіч лічыць, што удзельнічаць у выбарах – значыць легітымізаваць незаконныя ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі: “Калі б зьняліся ўсе альтэрнатыўныя кандыдаты, гэта быў бы балючы ўдар для Лукашэнкі, які зацікаўлены ў арэоле законнасьці вакол выбараў”.

“Мы ня будзем байкатаваць кампанію, – кажа Аляксандар Дабравольскі. –Калі ў людзей зьявіцца разуменьне, што можа быць ня толькі Лукашэнка, што яны падтрымліваюць новага лідэра, будзем лічыць, што мы сваёй мэты дасягнулі. Для нас важней зьмены ў грамадзтве, чым вынікі, што абвесьціць ЦВК”.

Беларусь адведала старшыня генэральнай рады Сусьветнай гандлёвай арганізацыі Аміна Магамэт. Падчас сустрэчы Аляксандар Лукашэнка паскардзіўся госьці на ЗША і Эўропу, якія “не жадаюць бачыць рэспубліку ў СГА”. Спн. Магамэт падкрэсьліла, што нават краіны, якія маюць цёплыя стасункі з Захадам, уваходзяць у СГА праз 13-15 гадоў. Ужо ў лютым Беларусь пачне заключную стадыю далучэньня, якая можа расьцягнуцца на 3-5 гадоў. Галоўныя праблемы, што замінаюць далучэньню – неадпаведнае мытнае заканадаўства ды правіла “залатое акцыі”.

930 тыс. подпісаў за два тыдні сабраў штаб дзейнага кіраўніка дзяржавы. “Пры такіх тэмпах можа адпасьці патрэба ў выбарах – бо да 27 студзеня ініцыятыўная група мае ўсе шанцы мільёны подпісаў выбарцаў”, – зазначае намесьнік галоўнага рэдактара “Белгазеты” Віктар Марціновіч. Сярод зьбіральнікаў подпісаў – супрацоўнікі ЖЭСаў і школаў, якія ходзяць па дамах.

Дзяржаўны Мытны камітэт зьбіраецца падвысіць мытныя зборы за ўвоз second hand, што можа прывесьці да зьнікненьня гэтай таннай вопраткі з рынку або да завозу яе праз Расею. Хутчэй за ўсё, такім чынам Мытны камітэт спрабуе прыбраць канкурэнтаў айчыннай лёгкай прамысловасьці, – заўважае аўтар “Белгазеты”.
XS
SM
MD
LG