Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Польшчы адбудуцца акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю.


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У параўнаньні з тым, што было месяц таму, сёньня акцыі пройдуць у большай колькасьці польскіх гарадоў, а таксама і ў іншых эўрапейскіх краінах.

Мінулым разам акцыі салідарнасьці зь Беларусьсью адбыліся ў 9 польскіх гарадах – толькі ў Варшаве ў мітынгу ўзялі ўдзел каля трохсот чалавек.

Гэтым разам, паводле аднаго зь лідэраў Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі Антося Цялежнікава, да акцыі далучаюцца яшчэ больш польскіх гарадоў.

(Цялежнікаў: ) “Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю пашыраецца на чарговыя гарады. Гэтым разам 12 гарадоў возьмуць у ёй удзел, а можа і больш. Спадзяюся таксама, што людзей будзе больш”.

Паводле спадара Цялежнікава, цяперашнія акцыі ў Польшчы ў падтрымку дэмакратычных пераменаў у Беларусі значна мацнейшыя і больш масавыя, чым тыя, што год таму адбываліся ў падтрымку аранжавай рэвалюцыі ва Украіне. З кожным разам узрастае і цікаўнасьць палякаў да гэтых акцыяў.

(Цялежнікаў: ) “Сэнс у гэтых акцыях ёсьць. Гэта паказвае гісторыя – хаця б прыклад той жа Украіны. Хаця, варта адзначыць, беларускія акцыі ахопліваюць больш гарадоў і людзей”.

Пётр Навіна-Канопка з варшаўскай фундацыі імя Шумана, які ў камуністычныя часы быў прэсавым сакратаром “Салідарнасьці”, таксама лічыць, што акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю патрэбныя – гэтым разам у іх возьме ўдзел і ягоны фонд.

(Навіна-Канопка: ) “Трэба падтрымаць беларусаў, каб яны не адчувалі сябе самотнымі. Там цяпер створаны выразны апазыцыйны фронт супраць Лукашэнкі. Ёсьць спроба стварэньня альтэрнатывы, і трэба дапамагчы, каб беларусы не адчувалі, што іх у змаганьні супраць рэжыму пакінулі сам-насам”.

Акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю заплянаваныя сёньня таксама і ў іншых эўрапейскіх краінах, у тым ліку ў Бэльгіі і Швэцыі.
XS
SM
MD
LG