Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З ваўкамі жыць – па-воўчы выць


Анатоль Вярцінскі, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Выць воўкам. З ваўкамі жыць – па-воўчы выць. І яшчэ – па асацыяцыі – Купалава: у піліпаўку воўк нема вые. Народна-фальклёрнае і адначасова рэалістычнае. Бо паказвае, дзе і чаму, зь якой прычыны вые воўк. Не ад добрага жыцьця. З холаду і голаду.

У піліпаўку воўк нема вые. А што зьверу рабіць яшчэ? Завываюць усе жывыя, калі моцна вось так прыпячэ. Паспрабуй не завыць тут нема, заскуголіць адчайна ў журбе, калі ўстануць супраць цябе і зямля, і людзі, і неба. Пагражаюць са сьвету зжыць… Застаецца адно толькі – выць.

Ну ды гэта ў сэнсе прыроднай экзыстэнцыі. А ў сэнсе сацыяльным, маральна-чалавечым? Ці не супярэчыць прыказка з ваўкамі жыць – па-воўчы выць згаданай мной раней больш аптымістычнай: ваўкоў баяцца – у лес не хадзіць? На першы погляд, супярэчыць. Але толькі на першы, толькі часткова. У людзкой асобіны застаецца ж магчымасьць выбару.

Так, без ваўкоў не абысьціся. І ў літаральным, і ў пераносным сэнсе. Прыгадаем у якасьці ілюстрацыі апошнюю частку Коласавай “Новай зямлі” альбо быкаўскія аповесьці, якія так і называюцца: “Воўчая зграя” і “Ваўчыная яма”. Але ж завыеш зьверам, пэўна, толькі тады, калі забаісься яго, падпарадкуесься ягонай драпежнай сіле. А не забаісься, выстаіш – то і не завыеш на ягоны лад, застанесься верным сабе, сваёй чалавечай годнасьці, сваёй мове, сваім спосабам выказацца. У тым ліку і падчас розных суровых жыцьцёвых піліпавак.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (4-ы квартал)
XS
SM
MD
LG