Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрась Беленькі: “Зьбіраць подпісы ў інтэрнатах нам забаранілі”


Алесь Дашчынскі, Менск Сябры ініцыятыўных групаў кандыдатаў у прэзыдэнты скардзяцца на ціск з боку ўладаў, а таксама на тое, што зборшчыкаў подпісаў не пускаюць у інтэрнаты. Нагадаем, збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты завяршаецца 27 студзеня.

Сябры ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка намерваліся сабраць подпісы ў студэнцкіх інтэрнатах Беларускага тэхналягічнага і ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі. Паводле Юрася Беленькага ім перагарадзілі дарогу кардоны са студэнтаў і прадстаўнікоў адміністрацыі. Калі сябры ініцыятыўнай групы патэлефанавалі ў міліцыю, то яна не з’явілася цягам гадзіны. Тады зборшчыкі подпісаў накіраваліся самі ў райаддзел міліцыі, дзе напісалі заяву аб парушэньні выбарчага заканадаўства.

(Беленькі: ) “Ва ўсіх гэтых інтэрнатах былі групы Лукашэнкі. І перашкодаў для збору подпісаў ніякай не было. Спачатку прадстаўнік студэнцкага самакіраваньня ўнівэрсытэту радыёэлектронікі Алег Шпілеўскі ясна сказаў, што няма праблем, мы вам выдзелім дзьве гадзіны. Назаўтра тэлефануе, кажа, нам забаранілі”.

Мы патэлефанавалі ў шэраг студэнцкіх інтэрнатаў навучальных установаў і пацікавіліся, ці можна прыйсьці сёньня і сабраць подпісы за прэтэндэнтаў у кандыдаты. Аднак усюда нам адказалі, што ў будынак ня пусьцяць.

(Спадарыня: ) “ Я вас не пушчу. У мяне забарона. У мяне распараджэньне - на час сесіі ніякіх агітацыйных мерапрыемстваў у інтэрнаце не праводзіць”. (Спадарыня: ) “Загадчыца казала, што прыходзілі жанчыны і яна тут з імі хадзіла. А я сяджу на вахце, я не магу з вамі хадзіць. Адна я дзяжурная, я нікога не пускаю ў інтэрнат”. (Спадарыня: ) “Не, не, не, наведваньняў ніякіх няма. Я нікога пускаць ня буду”.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча Аляксандар Бухвостаў цьвердзіць, што за Аляксандра Лукашэнку подпісы зьбіраюцца на працоўных месцах. (Бухвостаў: ) “Прыходзяць проста ў аддзел і ўсе зьбраюць подпісы за Лукашэнку. Так было на “Інтэграле” і іншых прадпрыемствах. Начальнікам цэхаў даецца заданьне па збору подпісаў. Ці ў аддзел кадраў запрашаюцца людзі і падпісваюць”. Паводле спадара Бухвостава, працягваецца ціск на зборшчыкаў подпісаў за спадара Мілінкевіча. (Бухвостаў: ) “Зьнішчаюць людзей на прадпрыемствах, у арганізацыях. Гэта ўсё робіцца ціха. Сотні выпадкаў ёсьць, калі людзям казалі: альбо ты ў ініцыятыўнай групе, альбо ты будзеш працаваць.”

Сяржук Салаш зладзіў пункт збору подпісаў у мікрараёне Печы ў Барысаве.

(Салаш: ) “Да нас тут завітаў намесьнік камандуючага па ідэалягічнай частцы палкоўнік Трафіменка. Ён хацеў перапісаць дадзеныя і хацеў адсюль нас выгнаць, бо гэта нібыта тэрыторыя вайсковай часткі. Двойчы прыязджала міліцыя”.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Казуліна Мечыслаў Грыб кажа, што ў выканкаме Маладэчна чамусьці завяраюць падпісныя лісты толькі да 17 гадзінаў, што ня зручна для зборшчыкаў. Кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргея Скрабца скардзіцца на тое, што зборшчыкі подпісаў за Аляксандра Лукашэнку пераконваюць выбарнікаў, што яны могуць падпісацца толькі адзін раз.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG