Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманыя расейцы застаюцца за кратамі


Севярын Квяткоўскі, Менск Дзесяць грамадзянаў Расеі і два беларусы зьвінавачаныя ў антыпрэзыдэнцкіх графіці. Маладых людзей затрымалі 14 студзеня ў цэнтры Менску. Пасьля допыту ў Цэнтральным райаддзеле затрыманых перавялі ў прыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцы Акрэсьціна. 16 студзеня мае адбыцца суд.

Група маладых расейцаў прыехала ў Менск, каб узяць удзел у канцэрце рок-гуртоў, што ладзіўся ў адным зь менскіх клюбаў. У часе перад канцэртам масквічы, і іхныя беларускія сябры завіталі ў кінатэатар “Перамога”, каб прабавіць вольны час. Проста ў кінатэатры іх затрымала міліцыя. Чацьвёра з расейцаў – музыканты гурту “CWWTP”, астатнія – іхныя сябры, адзін з каторых прадстаўнік студэнцкага руху “Я думаю” Іван Ніненка. Паплечнік Ніненкі Антон Піменаў сьведчыць:

(Піменаў:) “Мы атрымалі толькі ўрыўкавыя зьвесткі, калі іх бралі – яны здолелі нам адправіць sms-кі. Але пагаварыць магчымасьці не было. Ім не дазволелі сваякам паведаміць”.

З нагоды выходных у міліцыі камэнтары даваць адмовіліся:

(Дзяжурны Цэнтральнага РУУС:) “Усе пытаньні з гэтай нагоды ў прэс-цэнтар ГУУС Менгарвыканкаму”.

(Карэспандэнт:) “Ці працуе сёньня прэс-цэнтар?”

(Дзяжурны ГУУС:) “Не, заўтра ад 9-й”.

Таксама з нагоды выходных не было рэакцыі з расейскай амбасады:

(Супрацоўнік амбасады:) “Не, вядома”.

Антон Піменаў падкрэсьлівае прыватны характар паездкі масквічоў у Менск:

(Піменаў:) “Натуральна, аніякія акцыі не былі заплянаваныя. Таму вельмі дзіўна, што беларускія ўлады так сябе павялі. І наш актывіст патрапіў ў бязглуздую сытуацыю з беларускімі ўладамі”.

Тым часам, расейскі дэмакратычны рух пад назвай “Мы” заявіў пра акцыю салідарнасьці з пацярпелымі ў Беларусі з палітычных прычынаў. 16 студзеня пратэстоўцы выйдуць да беларускай амбасады ў Маскве са сьвечкамі і партрэтамі зьніклых у Беларусі палітыкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG