Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ведаюць людзі кандыдатаў на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах?


Галіна Абакунчык, Менск Больш за два тыдні доўжыцца кампанія ў справе збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. Што вядома шырокай грамадзкасьці пра колькасьць прэтэндэнтаў, іхныя імёны альбо іншае. Гэтым пытаньнем у мінакоў на вуліцах Менску цікавілася нашая карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ведаеце вы колькі чалавек і хто гэтыя людзі, якія вылучаюцца на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах?”

(Спадарыня: ) “Не, не, не. І не цікаўлюся”.

(Спадар: ) “Я чуў, што каля васьмі, але дакладна ня ведаю. Цікавасьці няма. Я лічу, што ў нашай краіне, цывілізаванымі сродкамі становішча не зьмяніць”.

(Спадарыня: ) “Так, ведаю, але сёньня па радыё чула, што іх хутчэй за ўсё будзе толькі тры. Сабралі подпісы Лукашэнка, э-э-э Мілінкевіч й яшчэ нехта трэці – ня памятаю хто. А ўсіх астатніх, там Пазьняка й іншых – няма”.

(Юначка: ) “Колькі ня ведаю. Можа штук шэсьць. Прозьвішчы ня памятаю”.

(Карэспандэнтка: ) “Але хоць каго-небудзь можаце ўзгадаць?”

(Юначка: ) “Ну, толькі Лукашэнка. Ня ведаю больш”.

(Спадар: ) “Ня ведаю. Недастаткова, пэўна, інфармуюць пра гэта. Так, недзе бачыў плякат нейкі. А так асабліва пра гэта й не пачуеш нідзе.”

(Карэспандэнтка: ) “Колькі чалавек вылучаецца на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах і ці ведаеце хто ці што-небудзь пра іх?”

(Юнак: ) “Нічога ня ведаю. Ніякай інфармацыі”.

(Спадарыня: ) “Ну, чалавек пяць: Мілінкевіч, Гайдукевіч, Казюлін, ну й сам Лукашэнка. Неяк мне гэта…”.

(Юнак: ) “Я ведаю дваіх толькі – Лукашэнку й Мілінкевіча. Колькі ўсіх ня ведаю. Мала інфармацыі. Не настолькі яна даступная”.

(Юначка: ) “Я ведаю толькі дваіх: прэзыдэнт, які зараз у нас Лукашэнка і – мне матуля казала, што Казулін. Больш я ня ведаю кандыдатаў, няма пра гэта інфармацыі. Ніхто не гаворыць пра гэта”.

(Спадар: ) “Ну, канечне, ведаем, газэты чытаем і кандыдатаў усіх ведаем. Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч, Пазьняк і яшчэ Мікла…Мілінкевіч ці як? Ну, ад апазыцыі. Ёсьць, канечне, якія і іх ня ведаем, бо нідзе не афішыруецца. Няма прэсы, каб мы маглі прачытаць за кожнага – біяграфію, дапусьцім, ці дзе працуе. У “Народнай Волі”, да прыкладу, пішацца добра й за ўсіх. Але чаму яе ня стала ў продажы – я гэтага не разумею. Чамусьці яе забаранілі й яна сталася падпольнай. У Смаленску ці дзе сталі яе выпускаць – я ня ведаю, але Волю гэтую мы ня можам дастаць”.
XS
SM
MD
LG