Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Рады Эўропы кажа, што ЦРУ мае ў Эўропе турмы


Радыё Свабода На новы віток выходзіць скандал вакол меркаваных сакрэтных турмаў ЗША у Эўропе. Швэйцарац Дык Марты, які вядзе дасьледаваньне гэтых цьверджаньняў ад імя Рады Эўропы, перакананы, што ЦРУ ЗША мае сакрэтныя турмы ў Эўропе, і што эўрапейскія ўрады замешаныя ў незаконнай дзейнасьці.

Упершыню гэтыя абвінавачваньні зьявіліся ў лістападзе. Амэрыканскія мэдыі паведамілі, што ЦРУ мае сакрэтныя турмы ва Ўсходняй Эўропе, а таксама перавозіць некаторых падазроных у тэрарызьме праз Эўропу ў іншыя краіны. Праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch заявіла, што такія турмы знаходзяцца ў Румыніі і Польшчы. Абедзьве краіны адхілілі гэтыя абвінавачваньні, але Рада Эўропы вырашыла пачаць сваё дасьледаваньне. Ягоны кіраўнік, швэйцарац Дык Марты, сёньня заявіў

“Я хацеў бы даць зразумець, што праблема тычыцца ня толькі Румыніі і Польшчы. Было б занадта проста абвінаваціць толькі гэтыя дзьве краіны. Такое здаралася і ў іншых дзяржавах, і многія зь іх напэўна ведалі, што адбываецца. Для мяне, іхняе маўчаньне настолькі ж дрэнна, як і дапусканьне такой дзейнасьці на сваёй тэрыторыі”

Амэрыканская адміністрацыя не абвяргае, але і не пацьвярджае паведамленьні пра сакрэтныя турмы. Падчас свайго візыту ў Эўропу ў сьнежні дзяржсакратарка ЗША Кандаліза Райс падкрэсьліла, што ЗША не дазваляюць і не патураюць катаваньням у турмах. Пасьля гэтага скандал стаў затухаць. Але папярэдняя справаздача Марты, якая будзе апублікаваная ў канцы месяца, здаецца, можа аднавіць дыскусію. Марты кажа, што пакуль ня мае дастатковых сьведчаньняў, і ягоная камісія шукае больш доказаў.
XS
SM
MD
LG