Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патэнцыйныя кандыдаты кажуць пра рост актыўнасьці грамадзян


Валер Каліноўскі, Менск Патэнцыйныя кандыдаты на пасаду прэзыдэнта наведваюць рэгіёны Беларусі. Паводле іх словаў, сустрэчы з выбаршчыкамі і актывам у абласных і раённых гарадах сьведчаць пра рост цікаўнасьці беларусаў да перадвыбарчай кампаніі.

Прэтэндэнт ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч сёньня знаходзіўся ў Глыбокім. Ён наведаў мясцовы рынак, дзе сустрэўся з прадпрымальнікамі і пакупнікамі, а таксама рэдакцыю газэты “Вольнае Глыбокае”, сустрэўся з мясцовым апазыцыйным актывам. Размова на рынку доўжылася гадзіну, паведаміў прадстаўнік штабу Мілінкевіча Аляксей Янукевіч:

(Янукевіч: ) “Калі мы прыехалі, то людзі ўжо чакалі, іх было даволі шмат, і была такая вельмі добрая гутарка, адны адыходзілі, прыходзілі іншыя”.

Апрача сустрэч з грамадзянамі спадар Мілінкевіч лічыць важным у часе сваіх паездак падтрымаць апазыцыйных актывістаў:

(Мілінкевіч: ) “Паслухаць іх, якія праблемы, абараніць тых, супраць каго вядуцца рэпрэсіі, а рэпрэсій надзвычай многа – людзей выклікаюць, палохаюць, патрабуюць выйсьці з ініцыятыўнай групы”.

Паводле спадара Мілінкевіча на Віцебшчыне людзі даволі актыўныя і разьняволеныя. Гэта эфэкт масавай кампаніі па зборы подпісаў, а таксама ўціску ўладаў пры зборы подпісаў за Лукашэнку, кажа спадар Мілінкевіч:

(Мілінкевіч: ) “Гэта як бы сьнежны камяк, ён усё большы і большы, людзі ўсё больш уцягваюцца, цікавяцца, раней большасьць не ведала, хто ёсьць Мілінкевіч, цяпер ведаюць і хочуць бачыць, і таму па ўсёй краіне гэты настрой актыўнасьці павялічваецца, на шчасьце”.

Самай балючай праблемай для малых гарадоў, кажа спадар Мілінкевіч пасьля гутарак у Глыбокім, з’яўляецца адсутнасьць пэрспэктываў для моладзі. У Глыбокім спадар Мілінкевіч завяршае сваю паездку па Віцебшчыне. На наступным тыдні у гэты рэгіён наведаецца іншы патэнцыйны кандыдат Аляксандар Казулін:

(Казулін: ) “У першую чаргу мы сустракаемся з сябрамі ініцыятыўнай групы, а потым сумесна зь імі зьбіраем подпісы, а калі зьбіраем подпісы, то гутарым з насельніцтвам, даведваемся пра іх думкі, пра іх праблемы і спрабуем іх вырашаць, і ўжо такія вынікі ў нас ёсьць”.

Спадар Казулін згадаў, што ў Бабруйску ўдалося дапамагчы вырашыць праблему прапіскі для аднаго з мясцовых прадпрымальнікаў. Пра настрой пад час сваіх кантактаў у рэгіёнах спадар Казулін сказаў:

(Казулін: )” Людзі, якія за Лукашэнку, яны вельмі агрэсіўныя, яны не хочуць слухаць, яны толькі крычаць і гатовыя ўчапіцца ў глотку. Астатнія людзі стомленыя, але добрыя. Тое, што яны хочуць жыць у сваёй краіне, якая павінна быць чалавечнай у адносінах да простага люда,– гэта відавочна”.

Валеры Фралоў на наступным тыдні таксама зьбіраецца у Віцебскую вобласьць, пазьней – на Магілёўшчыну:

(Фралоў: ) “Увесь наступны тыдзень будзе ў паездках, сустрэчах, але не агітацыйных, я за выкананьне закона, а проста ў рабочых, тэхнічных паездках, якія дазволяць сабраць не 100 тысячаў подпісаў, а 130–160”.

Тым часам іншы патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах Сяргей Гайдукевіч заявіў, што гэтымі днямі ён працуе ў штаб-кватэры сваёй партыі, падтрымліваючы кантакт зь людзьмі, якія зьбіраюць за яго подпісы. Зьняволены былы дэпутат Сяргей Скрабец абвясьціў галадоўку, патрабуючы, каб яго выпусьцілі на падпіску аб нявыезьдзе для таго, каб ён мог арганізоўваць збор подпісаў за сябе.
XS
SM
MD
LG