Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Глінянага Вялеса” атрымае Сяргей Дубавец


Радыё Свабода Названы ляўрэат літаратурнай прэміі Таварыства вольных літаратараў “Гліняны Вялес” за 2005 год. Ім стаў літаратурны крытык і публіцыст Сяргей Дубавец. Узнагароду ён атрымае за кнігу “Вострая Брама”, якая выйшла ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды. 21 стагодзьдзе”.

У гэтай кніжцы сабраныя тэксты выбраных перадачаў Сяргея Дубаўца “Вострая Брама”, якія штотыдня гучаць у эфіры Радыё Свабода. Прэмія “Гліняны Вялес” заснаваная ў 1993 годзе, і раней ёю ганараваліся аўтары кніг прозы ды паэзіі. Сёлета статуэтку крывіцкага бажышча ўпершыню атрымае аўтар кнігі эсэ. На думку тэвээлаўцаў, “Вострая Брама” ня проста чытэльнае выданьне, а своеасаблівае падсумаваньне пошукаў Беларушчыны – працэсу, які доўжыўся цягам усяго 20-га стагодзьдзя. Гаворыць каардынатар Таварыства вольных літаратараў паэт Алесь Аркуш.

(Аркуш:) “Адметнасьцю сёлетніх намінантаў літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес” зьяўляецца тое, што сярод пяцёх кнігаў, вылучаных на прэмію, дзьве кнігі эсэістыкі. Мы наагул лічым, што самы варты здабытак беларускай літаратуры за апошнія гады, гэта і ёсьць тая эсэістыка, што нарадзілася. І сярод вылучаных кнігаў была і кніга Сяргея Дубаўца “Вострая Брама”. Яна сапраўды магла б стаць бэстсэлерам, бо атрымала вялікі розгалас у грамадзтве. Нават у мяне колькі разоў людзі пыталіся: дзе знайсьці гэтую кнігу?”

У сэрыі “Бібліятэка Свабоды. 21 стагодзьдзе” ўжо выйшаў цэлы шэраг кнігаў.

(Аркуш:) “Трэба сказаць дзякуй Радыё Свабода за тое, што яна запачаткавала выданьне гэтай сваёй бібліятэкі. Бо ў крызыснай сытуацыі, у якой апынулася беларуская літаратура і ўся беларуская культура, такая дапамога вельмі істотная. І тыя кнігі, што выходзілі ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды” атрымліваюць пэўны розгалас і ўвагу чытачоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG