Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рамуальд Траўгут


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі "Імёны Свабоды".

Гледзячы на партрэты кіраўнікоў паўстаньня 1863 году, я міжволі лаўлю сябе на думцы, што дагератып Рамуальда Траўгута трапіў у гэтую галерэю выпадкова. Траўгут зь ягонай акуратнай шчотачкай вусоў і элеганцкім пэнснэ больш за ўсё нагадвае мне маладога прафэсара сталічнай alma mater. Між тым у Рамуальда, народжанага на Берасьцейшчыне 16 студзеня 1826 году або роўна 180 гадоў таму, былі іншыя ўнівэрсытэты.

Унук удзельніка паўстаньня Касьцюшкі, выпускнік Сьвіслацкай гімназіі, той самай, дзе вучыўся Каліноўскі, Траўгут ужо ў 19 гадоў паступіў на вайсковую службу. Браў удзел у Крымскай кампаніі, а ў трыццаць шэсьць у чыне падпалкоўніка выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў палескім маёнтку Востраў.

Да паўстаньня ў Польшчы і Літве-Беларусі заставаліся лічаныя месяцы. Былы баявы афіцэр выдатна разумеў, што перамагчы велізарную вайсковую машыну царскай імпэрыі немагчыма, але, калі прыйшла пара, бяз роздуму ўзяўся за зброю.

Узначалены Траўгутам у красавіку 1863-га Кобрынскі аддзел інсургентаў правёў некалькі пасьпяховых рэйдаў і нападаў на расейскіх карнікаў. Пасьля жорсткіх баёў у антопальскіх лясах у Пецярбург пайшла ўзрадаваная рэляцыя, што адзін з самых небясьпечных паўстанцкіх камандзіраў забіты. Але Траўгут застаўся жывы. Яго ўратавала ў сваім маёнтку маладая сувязная паўстанцаў Эліза Ажэшка, будучая знакамітая пісьменьніца. У яе карэце пад выглядам сваяка Траўгут здолеў дабрацца да Варшавы і неўзабаве стаў на чале ўсяго паўстаньня...

Ён адмовіўся выехаць за мяжу і мужна ішоў наперад непазьбежнасьці. Увесну 1864-га Траўгута схапілі, а 5 жніўня ён, пагардліва зірнуўшы на ката, узышоў у Варшаўскай цытадэлі на эшафот.

У горадзе Сьвіслачы ёсьць помнік Рамуальду Траўгуту. Побач – помнік Кастусю Каліноўскаму. Відаць, такая вялікая канцэнтрацыя паўстанцкіх правадыроў камусьці падалася надзвычай небясьпечнай і пры самым канцы XX ст. па суседзтве з Траўгутам і Каліноўскім ўладкаваўся адноўлены помнік Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG