Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму дзяржаўныя мэдыі ігнаруюць выбарчую тэму?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 11 cтудзеня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: галоўны рэдактар часопісу “Палітычная сфэра” Андрэй Казакевіч і намесьнік галоўнага рэдактара “БелГазеты” Віктар Марціновіч.

(Валер Карбалевіч: ) “Хутка ўжо месяц, як у краіне ідзе перадвыбарчая кампанія. Сем кандыдатаў прэтэндуюць на найвышэйшую дзяржаўную пасаду. У такі час у любой краіне нават далёкія ад палітыкі людзі пачынаюць цікавіцца палітычнымі пытаньнямі, абмяркоўваць кандыдатаў на прэзыдэнта. Звычайна краіна павінна віраваць. Ці адбываецца гэта ў Беларусі? Ці адчувае абываталь, што ў краіне ідзе перадвыбарчая кампанія? Ці ўбачыць іншаземец, які прыехаў у Беларусь, што тут хутка пройдуць самыя галоўныя ў дзяржаве выбары?”

(Андрэй Казакевіч: ) “Выбарчая кампанія слаба адчуваецца. І гэтая зьява натуральная для сучаснага этапу разьвіцьця Беларусі. І гэта зьвязана ня толькі з пэўнымі дзеяньнямі ўладаў, але і з агульным палітычным станам у краіне. Большасьць людзей не адчувае, што ў краіне набліжаюцца нейкія вялікія пераўтварэньні. Інфармацыі пра выбары ў той інфармацыйнай прасторы, у якой знаходзіцца звычайны чалавек, амаль няма. Нейкія працэсы адбываюцца толькі у той прасторы, якая палітызаваная пэрманэнтна. Я б не сказаў, што ёсьць нейкі ўсплёск цікавасьці да палітыкі па-за межамі таго кола, якое звычайна цікавяць такія праблемы”.

(Віктар Марціновіч: ) “Сапраўды, грамадзяне не адчуваюць, што ў краіне адбываецца выбарчая кампанія. Больш за тое, ня толькі далёкія ад палітыкі людзі, але нават я, зьяўляючыся палітычным аглядальнікам газэты, гэтага не адчуваю. Да галоўных у краіне выбараў, фактычна, засталося два месяцы. Але ў палітычным ляндшафце Беларусі гэта ніяк не адчуваецца. Кампанія ідзе так павольна, нібы выбары адбудуцца праз год-два. Сытуацыя вельмі ненатуральная. Напрыклад, палітычны ляндшафт ва Ўкраіне за паўгоду да парлямэнцкіх выбараў зусім іншы, чым у Беларусі.

У такой сытуацыі ёсьць пэўная віна ня толькі мэдыяў, але і кандыдатаў у прэзыдэнты. Яны не ініцыююць інфармацыйных нагодаў, ня робяць нейкіх хадоў, якія б выклікалі цікавасьць. Усё адбываецца вельмі сумна, нецікава, звычайна. Не адчуваецца, што нешта віруе ці кіпіць. Падчас нармальнай выбарчай кампаніі кожны дзень павінен нараджаць нейкую сэнсацыю. І калі цяпер напярэдадні выбараў у нашай палітыцы не здарыцца падзеяў, то іх ня будзе і далей”.

(Карбалевіч: ) “Асабліва ўражваюць радыёэлектронныя мэдыі. Калі глядзець беларускую тэлевізію, то ў інфармацыйных праграмах амаль няма згадкі пра выбары. Беларусы лепш паінфармаваны пра тое, што адбываецца ва Ўкраіне, Іраку ці яшчэ недзе, чым пра выбарчую кампанію ў сваёй краіне. Чым можна патлумачыць такую дзіўную інфармацыйную палітыку дзяржаўных мэдыяў?”

(Казакевіч: ) “Думаю, тут усё дастаткова відавочна. У аналітычных артыкулах шмат гаварылася, што галоўная праблема для апазыцыі — гэта адсутнасьць у грамадзтве рэальнага выбару, альтэрнатывы, палітычная пасіўнасьць. І адпаведна даваліся парады дэмакратычных кандыдатам: стварыць гэтую альтэрнатыву, павысіць палітычную актыўнасьць, стварыць нейкую напругу, мабілізаваць пэўную частку электарату дзеля зьменаў у краіне. Адпаведна дзеяньні ўладаў скіраваныя ў супрацьлеглы бок. Яны імкнуцца не дапусьціць альтэрнатывы. І найбольш простая тактыка для гэтага — ігнараваньне ўсіх апанэнтаў. Таму што нават згадка іх у нэгатыўным сэнсе будзе зьвяртаць на іх увагу, вырасьце інтарэс насельніцтва да іх, павысіць вядомасьць, папулярнасьць.

Другі момант тактыкі ўладаў — захаваць дэпалітызацыю грамадзтва. Дзеля гэтага патрэбна не ствараць з выбараў нейкай маштабнай і доўгай выбарчай кампаніі. Калі дзеля аналёгіі прыгадаць кампанію 2004 году, то тады актыўная прапагандысцкая кампанія ў падтрымку пытаньня рэфэрэндуму пачалася толькі за месяц да галасаваньня. Думаю, цяпер будзе выкарыстана тая ж тактыка. Прычым, агітацыя будзе ісьці не за самаго Лукашэнку, а, хутчэй, за створаную ім сыстэму. Каб зьменшыць палітызацыю, актыўная агітацыя пачнецца за месяц-паўтара да галасаваньня. Усё робіцца дзеля таго, каб сытуацыя ня выйшла з-пад кантролю. І як паказвае практыка, такія дзеяньні дастаткова эфэктыўныя”.

(Марціновіч: ) “Некалькі гадоў таму прадстаўнік Цэнтравыбаркаму афіцыйна заявіў, што любыя выбары зьяўляюцца пэрыядам пэўнай дэстабілізацыі ў краіне. Натуральна, што пасьля ўкраінскага Майдану беларускія ўлады не зацікаўлены нават у найменшай дэстабілізацыі ў краіне. Беларуская стабільнасьць — гэта стабільнасьць вясковай хаты, у якой ёсьць толькі адзін канал радыё. І любая выбарчая кампанія можа яе ўскалыхнуць. Цікавасьць да палітыкі можа прывесьці да непрагназаваных вынікаў.

На любых выбарах дзейную ўладу могуць пераабраць альбо не пераабраць. Натуральна, што беларускай уладзе само гэтае пытаньне не падабаецца. І яны даводзяць, што так пытаньне не павінна стаяць, што яна была і будзе, і гэта назаўсёды. Таму ўлада робіць усё дзеля таго, каб насельніцтва не даведалася пра тое, што ў краіне ідзе нейкая кампанія, у выніку якой у Беларусі можа зьявіцца новая ўлада. Насельніцтву трэба проста давесьці, што ідзе нейкая плянавая кампанія, што 19 сакавіка трэба некуды прыйсьці і паставіць крыжык насупраць прозьвішча Лукашэнкі. Вось такія выбары ва ўмовах нашай стабільнасьці. І ніякіх іншых выбараў быць ня можа.

Гэта асноўная прычына, па якой беларускія дзяржаўныя мэдыі замоўчваюць выбарчую прэзыдэнцкую кампанію. І нават агітацыя за Лукашэнку вядзецца не як за кандыдата ў прэзыдэнты, а як за дзейнага кіраўніка. Дзяржаўныя мэдыі ня будуць называць Лукашэнку кандыдатам у прэзыдэнты”.

(Карбалевіч: ) “У гэтай сытуацыі тактыка ўладаў магла быць розная. Можна было хваліць Лукашэнку і мэтадычна бэсьціць усіх апанэнтаў. Аднак пакуль каманда кіраўніка дзяржавы выбрала тактыку інфармацыйнага вакуўму, замоўчваньня ўвогуле выбарчай тэматыкі. Але ці няма тут рызыкі для ўладаў, што ініцыятыву ў кампаніі перахопіць апазыцыя?”

(Казакевіч: ) “Не, думаю, што тактыка ігнараваньня апанэнтаў больш палітычна эфэктыўная для ўлады. Таму што яна дазваляе сьцьвердзіць у сьвядомасьці людзей вобраз стабільнасьці, давесьці, што справа ідзе не пра барацьбу паміж рознымі кандыдатамі, а пра чарговае выбраньне Лукашэнкі.

Калі ж актыўна агітаваць за Лукашэнку і праводзіць нэгатыўную кампанію супраць апазыцыі, можна так ці інакш стварыць нейкую палітычную энэргетыку вакол апазыцыі, жорсткага апазыцыйнага электарату, падштурхнуць да палітычнага вызначэньня тых, хто ня вызначыўся. Уладзе гэта не патрэбна на цяперашнім этапе. Актыўная агітацыя за Лукашэнку наўрад ці дадасьць яму шмат папулярнасьці. Таму ўлада імкнецца захаваць такую мадэль электаральнага працэсу”.

(Марціновіч: ) “Цяперашняя тактыка ўлады максымальна безрызыкоўная для яе. Я ня бачу ніякіх мэханізмаў, якія б дазволілі апазыцыі ў цяперашняй палітычнай сытуацыі перахапіць ініцыятыву. Калі б сытуацыя была іншая, то шанцаў у апазыцыі было б значна больш. Цяпер, каб перахапіць ініцыятыву, апазыцыя павінна растлумачыць насельніцтву ня толькі тое, што яна спрачаецца з Лукашэнкам, але і тое, што ў Беларусі адбываюцца нейкія выбары. Гэтая задача зьяўляецца больш складанай, чым нават задача перамагчы на выбарах у сёньняшніх умовах”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, улады пакуль узялі на ўзбраеньне тактыку штучнага стварэньня ў грамадзтве інфармацыйнай блякады выбарчай тэматыкі. Вядома, што любыя выбары ў грамадзтве — гэта палітычны міні-крызіс. І чым большы маштаб выбарчай кампаніі, тым больш гэты крызіс разьвіваецца. А разам зь ім разьвіваецца і непрадказальнасьць. Таму ўлады лічаць, што ва ўмовах такога вакуўму на інфармацыю выбаршчык будзе арыентавацца на ўсім вядомае прозьвішча — і гэта Лукашэнка захавае сваю цяперашнюю рэйтынгавую перавагу над усімі апанэнтамі”.
XS
SM
MD
LG