Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“VoliaMusic”: ад забароненай музыкі да падпольных выдавецтваў


Зьміцер Падбярэскі, Менск Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”.

Напэўна, цяжка знайсьці ў сьвеце краіну, дзе б улада забараняла канцэрты ўласных папулярных выканаўцаў. Яшчэ цяжэй уявіць існаваньне фірмаў, якія б выдавалі такую музыку ва ўмовах кансьпірацыі. Але для Беларусі гэта рэальнасьць.

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Напярэдадні Новага году на адным з сайтаў я натрапіў на інфармацыю пра заснаваньне новай выдавецкай фірмы “VoliaMusic”. Кіраўнік гэтага праекту, які са зразумелых прычынаў хаваецца пад мянушкай Пупэр, стратэгічнай мэтай бачыць знаёмства слухачоў з той музыкай, якой не пачуеш сёньня ні па тэлевізары, ні па радыё. Днямі адбылася нашая зь ім сустрэча, падчас якой Пупэр паведаміў Радыё Свабода пра некаторыя падрабязнасьці задуманага. Якую мэту вы ставілі сабе, калі вырашылі заснаваць новую выдавецкую фірму?”

(Пупэр: ) “Сытуацыя ў Беларусі цяпер трохі дзіўная адносна беларускай музыкі і пэўных гуртоў. І нам хацелася зрабіць нешта, каб паспрабаваць разарваць гэтую сытуацыю. У нашым жыцьці свабода — гэта тое, чаго не хапае, і вельмі гэтай свабоды не хапае нашым музыкам. У Беларусі такія вызначальныя падзеі набліжаюцца, і, мне здаецца, кожны чалавек, якому баліць за Беларусь, мусіць зрабіць нешта сваё. І я вырашыў аб’яднаць свае сьціплыя намаганьні і намаганьні сваіх сяброў, каб таксама зрабіць нейкі свой унёсак. Спачатку ўзьнікла ідэя проста выдаць такі вось дыск, а потым падумалі назваць такі вось музычны лэйбл “VoliaMusic”. Калі з гэтага нешта атрымаецца, будзе працяг такіх вось цікавых, неардынарных дыскаў”.

(Падбярэскі: ) “Мяркуючы па назьве новага лэйблу, рэпэртуар будзе ў асноўным такога вось пратэстнага пляну. Як вы мяркуеце ўвогуле распаўсюджваць гэтую прадукцыю?”

(Пупэр: ) “Ведаючы, што гэты дыск наўрад ці зможа прадавацца ў крамах, мы вырашылі, што распаўсюджваць будзем бясплатна. Людзі могуць падпісацца на гэты дыск праз запаўненьне купонаў, якія цяпер друкуюцца ў газэтах “Наша Ніва”, “Музычная газета”. Але за гэта мы патрабуем ад людзей, каб яны прапанавалі свае пяць песень, якія, на іх думку, могуць увайсьці ў гэтую зборку. Чалавек за тое, каб атрымаць гэты дыск, павінен нешта зрабіць. І таксама яшчэ адна нашая мэта — гэта паспрабаваць прымусіць людзей трохі задумацца, нешта пашукаць, нешта паслухаць. Каб выдаць дыск, у прынцыпе, не патрабуецца такіх ужо вялікіх фінансаў, бо мы спадзяемся, што музыкі пойдуць нам насустрач і ня будуць патрабаваць ад нас грошай за прадастаўленьне гэтых песень. Такі бясплатны распаўсюд дыскаў дазволіць нам стварыць віртуальны фан-клюб, каб потым ладзіць пэўныя акцыі ў падтрымку гэтых музыкаў”.

(Падбярэскі: ) “А ці можна ўжо сёньня казаць пра тое, што ёсьць пэўнае кола калектываў, выканаўцаў, якія пагадзіліся ўдзельнічаць у дэбютным выданьні вашай фірмы?”

(Пупэр: ) “Увогуле будзе некалькі этапаў выданьня гэтага дыску. Першы этап — гэта да 19 студзеня прымаем самі заяўкі гуртоў, плюс мы зьбіраем думкі людзей. Потым, калі будзем больш-менш уяўляць сытуацыю, наступны этап — гэта ўжо перамовы з музыкамі. Потым мы створым сайт альбо старонку, дзе выкладзем усе гэтыя песьні, каб людзі змаглі праслухаць і прагаласаваць — калі ў нас будзе хапаць на гэта часу. Калі ж не, дык мы ўжо самастойна адбярэм песьні і таксама выкладзем у Інтэрнэце. Гэта значыць, праект будзе існаваць у такім выглядзе фізычным, як кампакт-дыск, і таксама жадаючыя змогуць перапісаць яго сабе з Інтэрнэту”.

(Падбярэскі: ) “І калі нарэшце можна чакаць выданьня гэтага дыску?”

(Пупэр: ) “З 19 лютага людзі, якія дашлюць нам свае кантакты (а іх, апрача гэтых купонаў, можна дасылаць на э-мэйл pesni2006@tut.by), і з 19 лютага людзі пачнуць ужо атрымліваць гэтыя дыскі”.

(Падбярэскі: ) “Ну што ж, цалкам лягічна: пасьля таго, як многія калектывы змушаны весьці ці не падпольнае існаваньне, зьявілася і падпольная фірма, якая будзе выдаваць такія запісы”.
XS
SM
MD
LG