Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч завяршыў паездку на Віцебшчыну (фотарэпартаж)


Радыё Свабода, Віцебск Паездку Аляксандра Мілінкевіча па Віцебшчыне пільна адсочваюць міліцыянты Ўчора дзьве міліцэйскія машыны праводзілі ягоную каманду з Воршы, а сёньня людзі ў форме і ў цывільным прысутнічаюць на кожнай ягонай сустрэчы з жыхарамі Віцебска.

Бадай што толькі ў Першамайскім ды Кастрычніцкім райвыканкамах сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з адказнымі за падрыхтоўку выбараў чыноўнікамі праходзілі без відавочнай прысутнасьці навокал міліцыянтаў. Але гэта былі кароткатэрміновыя сустрэчы ў афіцыйных кабінэтах, у часе якіх спадар Мілінкевіч цікавіўся працэсам рэгістрацыі сабраных за яго подпісаў.

Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Кастрычнікага раёна і сакратар выбарчай камісіі Першамайскага раёна адзначылі працу сябраў ягонай ініцыятыўнай групы як "ідэальную" і "бездакорную", хаця, у сваю чаргу, мясцовыя актывісты зафіксавалі шэраг выпадкаў перасьледу на працы і звальненьняў людзей менавіта за падтрымку Аляксандра Мілінкевіча.

Сустрэчы з шараговымі жыхарамі Віцебску праходзілі пад пільным міліцэйскім наглядам. Да прыкладу, службовая машына высадзіла супрацоўнікаў каля ўваходу ў Віцебскі дзяржаўны ўнівэрсытэт яшчэ задоўга да таго, як прыехаў картэж самога прэтэндэнта да ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах.

Студэнтаў, якія задавалі пытаньні спадару Мілінкевічу, здымаў на відэакамэру невядомы чалавек у цывільным, які толькі напрыканцы сустрэчы паказаў пасьведчаньне пазаштатнага карэспандэнта віцебскай абласной тэлерадыёкампаніі, але адмовіўся сказаць, для чаго ён робіць гэтыя здымкі.

Самай масавай атрымалася сустрэча Аляксандра Мілінкевіча зь віцебскімі мінакамі каля дома №28 па вуліцы Леніна, дзе ўжо цягам некалькі дзён стаіць пікет зьбіральнікаў подпісаў. Міліцыянты назіралі за гутаркай, прыехаўшы адразу на некалькіх машынах і спыніўшыся наводдаль.

Сустрэча доўжылася каля гадзіны, і пытаньні, якія задавалі віцебчукі, былі самага рознага зьместу. Прычым выглядала на тое, што людзі ўбачылі ў асобе Аляксандра Мілінкевіча сапраўднага абаронцу іхных інтарэсаў.

(Спадар: ) “Пяты год ужо дабіваемся, каб нам перанесьлі на кілямэтар аўтобусны прыпынак. Чаму наша ўлада не павернецца да людзей тварам?”

(Мілінкевіч: ) “ не адкажу, бо не магу гэта рашыць, я пакуль не пры ўладзе. А за інфармацыю – дзякуй”.

(Другі спадар: ) “Ці вы ў душы за прыватызацыю ў прамысловасьці, як было, да прыкладу, у Англіі?”

(Мілінкевіч: ) “Калі я зараз пачну адказваць на вашае пытаньне, то мне дакладна прыпішуць агітацыю за маю праграму, якую я пакажу тады, калі мяне зарэгіструюць”.

Задаць свае пытаньні Аляксандру Мілінкевічу віцебчукі мелі магчымасьць і па тэлефоне: газэта “Віцебскі кур”ер” надрукавала нумар тэлефона “прамой лініі”, арганізаванай актывістамі перадвыбарчага штабу. Аднак тэлефанаваньняў найбольш было не з канкрэтнымі пытаньнямі, а пажаданьнямі посьпеху ў рэгістрацыі і на выбарах.

(Мілінкевіч: ) “Добры дзень. Аляксандар Мілінкевіч з гэтага боку”.

(Спадарыня: ) “Я Гаўруцікава Сьявятлана Іванаўна, вэтэран працы, мне 70 год. Я хачу, каб вы перамаглі!”

(Мілінкевіч: ) “Дзякуй вам вялікі!”

Пыталіся жыхары горада і пра пляны іншых прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах. У прыватнасьці, пра тое, ці не зьбіраецца ў Віцебск Аляксандар Казулін, за вылучэньне якога тут таксама сабрана шмат подпісаў.

Як паведаміла Ніна Шыдлоўская, прэсавы сакратар ягонага штабу, візыту спадара Казуліна на Віцебшчыну варта чакаць у дваццатых ліках студзеня.

Фотарэпартаж







XS
SM
MD
LG