Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежным мэталістам далі тры дні на высяленьне


Радыё Свабода У Барані, што на Віцебшчыне, улады прад''явілі ўльтыматум аб высяленьні з памяшканьня суполцы Свабоднага прафсаюзу мэталістаў прадпрыемства “Лёс”. Яго адміністрацыя лічыць патрабаваньне законным. Сябры прафсаюзу мэталістаў заяўляюць пра неабгрунтаванасьць ініцыятывы.

Паводле лідэра прафсаюзнай суполкі Васіля Леўчанкава, ультыматум прад''явіў дырэктар прадпрыемства Віталь Асяледзец:

(Леўчанкаў: ) “Сёньня пасьля абеду ішоў на прадпрыемства, а мяне не пускаюць і кажуць, што дырэктар не падпісаў пасьведчаньне на праход на прадпрыемства. Сказалі, што дырэктар хоча мець са мной асабістую размову. Выпісалі мне аднаразовы пропуск, і ён мне сказаў, што дае тры дні на высяленьне з памяшканьня. А ў нас ёсьць калектыўная дамова, што для нас памяшканьне бясплатнае”.

Адміністрацыя прадпрыемства пацьвярджае ініцыятыву высяленьня суполкі Свабоднага прафсаюзу мэталістаў. Прычым, як патлумачыла памочнік дырэктара Любоў Ісаковіч, гэтае патрабаваньне яны лічаць законным:

(Ісаковіч: ) “Юрыдычнай базы няма, каб бясплатна прадстаўляць памяшканьне. І ніводзін свабодны прафсаюз, іншы прафсаюз, які не ўваходзіць у Фэдэрацыю прафсаюзаў, бясплатна ў нашай краіне не карыстаецца памяшканьнем. А як мы можам бясплатна прадставіць, калі няма такога закону?”

Спадарыня Ісаковіч паведаміла таксама, што прафсаюзная суполка была паінфармаваная пра магчымасьць застацца ў памяшканьні на ўмовах арэнды. Але для гэтага трэба было дамаўляцца зь Міністэрствам сувязі, да якога належыць прадпрыемства “Лёс”. У сваю чаргу, Васіль Леўчанкаў лічыць, што дамаўляцца зь міністэрствам бессэнсоўна. Як сьведчыць досьвед іншых суполак незалежных прафсаюзаў, іх звароты застаюцца без адказаў. Спадар Леўчанкаў не выключае, што ўльтыматум пра высяленьне зьвязаны яшчэ й зь ягонай палітычнай дзейнасьцю. Прафсаюзны лідэр зьяўляецца кіраўніком перадвыбарчага штабу Мілінкевіча на Аршаншчыне:

(Леўчанкаў: ) “А ўчора прыяжджаў да нас Мілінкевіч, учора ён быў у Воршы. Зайшлі на рынак, з прадпрымальнікамі былі размовы. У цэнтры горада, дзе быў пікет па зборы подпісаў, паразмаўляў ён зь людзьмі. Па зьвестках на ўчорашні дзень было больш за тры тысячы подпісаў, прычым значна больш. Сёньня ўжо можа іх чатыры тысячы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG