Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаваны наклад яшчэ адной незалежнай газэты


Радыё Свабода На беларуска-расейскай мяжы арыштаваны наклад незалежнай крычаўскай газэты “Вольны горад”. Першы й другі нумар выданьня за 2006 год дастаўлялі ў Крычаў з друкарні, разьмешчанай у Смаленску. Фармальнай падставай для затрыманьня стаўся наклад газэты, які перавышаў заяўлены. Аднак выдаўцы заяўляюць, што сапраўднай прычынай стаўся зьмест матэрыялаў, якія былі прысьвечаныя прэзыдэнцкім выбарам.

Газэта была арыштаваная супрацоўнікамі Клімавіцкага райадзьдзела міліцыі, да якога належыць памежны пераход. Кіраваў апэрацыяй начальнік аддзелу Юры Сьмірноў – паведаміў "Свабодзе" галоўны рэдактар выданьня Сяргей Няроўны.

(Няроўны: ) "Мяне трымалі больш трох гадзінаў. Іх цікавіла ўсё: адкуль грошы, як вы дабіраліся, хто дапамагаў і гэтак далей. Таксама перашуквалі ўсе легкавікі, і грузавікі, і аўтобусы. Гэта я зьвязваю таксама з “Вольным горадам”".

Паводле спадара Няроўнага, за апошнія гады гэта першае затрыманьне “Вольнага гораду”. Раней такое здаралася толькі ў 2001 годзе – таксама напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Пракамэнтаваць арышт газэты кіраўнік Клімавіцкага райаддзелу міліцыі Юрый Сьмірноў, фактычна, адмовіўся:

(Сьмірноў: ) “Я вам тут нічога не патлумачу. Матэрыял на мытні, зьвяртайцеся да іх”.

Атрымаць камэнтар у супрацоўнікаў мытні таксама не ўдалося. Але вось што паведаміў Сяргей Няроўны.

(Няроўны: ) “Калі міліцыянты зьехалі, яны аддалі ўсе дакумэнты начальніку мытні. Я запытаўся, што вы будзе рабіць з гэтым пратаколам. А ён разгублена кажа, што “я нават ня ведаю, бо гэта першы выпадак, калі сканфіскоўваюць газэты на маёй мытні, і я буду кансультавацца з начальствам”. Я зьвязваю гэта з выбарчай кампаніяй, бо шмат пішам пра выбары, і пра мясцовыя ўлады – таму такая сытуацыя”.

Гэткім чынам, паводле спадара Няроўнага, лёс арыштаванага накладу застаецца невядомым. Спадзяваньняў яго вярнуць у рэдактара няма. Ён таксама не выключае, што атрымае адміністрацыйнае спагнаньне за перавышэньне накладу “Вольнага гораду”.

***

Нагадаем, што наклад 299 асобнікаў, паводле дзейнага заканадаўства, дазваляе выдаўцам не рэгістраваць выданьне. Аднак для “Вольнага гораду” гэта вымушаная сытуацыя, бо мясцовыя ўлады адмовілі рэдакцыі выданьня ў юрыдычным адрасе. У сваю чаргу, безь юрыдычнага адрасу немагчымая афіцыйная рэгістрацыя выданьня. Тым ня менш, незалежны “Вольны горад” мае сталую папулярнасьць у чытачоў. Зараз газэта, як і многія іншыя незалежныя выданьні, мусіць друкавацца ў Смаленску, бо ня мае магчымасьці рабіць гэта ў Беларусі. Таксама створаная ўласная сыстэма распаўсюду, паколькі на крычаўскі “Вольны горад” нельга падпісацца празь дзяржаўную сыстэму “Белпошты”, а таксама газэту немагчыма набыць у шапіках “Белсаюздруку”.
XS
SM
MD
LG