Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разгараецца скандал вакол іранскай ядзернай праграмы


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Іран пагражае цалкам спыніць супрацоўніцтва зь Міжнародным агенцтвам у ядзернай энэргіі, калі пытаньне пра яго ядзерную праграму будзе перададзенае на разгляд Рады Бясьпекі ААН. Гэта пагроза прагучала пасьля таго, як учора Францыя, Вялікая Брытанія і Нямеччына заявілі, што перамовы з Тэгеранам зайшлі ў тупік і што гэтак званае іранскае “ядзернае дасье” павінна стаць прадметам абмеркаваньня ў Радзе бясьпекі ААН дзеля ўвядзеньня санкцыяў.

Увесь сёньняшні дзень з Тэгерану сыплюцца пагрозы. Вось тыповае выказваньне, зробленае вядучым іранскім клірыкам Ахмадам Хатамі ў часе пятнічнага набажэнства.

(Хатамі: ) “Эўрапейцы павінны зразумець, што мова пагрозаў ня можа быць эфэктыўнай у размове з такой вялікай нацыяй, як Іран”.

Міністар замежных справаў Ірану Манучар Матакі папярэдзіў, што перадача ў Раду Бясьпекі пытаньня пра ядзерную праграму Ірану будзе мець нэгатыўныя наступствы для Захаду.

Тым часам міжнародная супольнасьць выказвае занепакоенасьць тым, што Тэгеран на гэтым тыдні аднавіў працы ў сваёй ядзернай праграме. Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Кандаліза Райс падтрымала крокі эўрапейскіх краінаў і заклікала МАГАТЭ і ААН даць адпаведны адказ такім паводзінам Ірану.

(Райс: ) “Кіраўніцтва МАГАТЭ павінна перадаць справаздачу ў Раду бясьпекі ААН з тым, каб тая сваім аўтарытэтам падтрымала расьсьледаваньне МАГАТЭ. Рада павінна заклікаць іранскі рэжым зрабіць крок назад у сваіх ядзерных амбіцыях. Злучаныя Штаты падтрымаюць Раду Бясьпекі ў давядзеньні справы да канца”.

Сёньня заходнія інфармацыйныя агенцтвы са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы ў Вене, блізкія да МАГАТЭ, паведамляюць, што і кіраўнік МАГАТэ Махамэд эль Барадэй губляе цярпеньне і што надзвычайная сэсія можа быць скліканая напрыканцы студзеня.

Сёньня ж на ўчорашнюю заяву эўрапейскай тройкі адрэагавала і расейскае міністэрства замежных справаў, якое заявіла, што Расея разглядае яе прапанову аб скліканьні надзвычайнай сэсіі МАГАТЭ. Учора расейскі міністар Сяргей Лаўроў у інтэрвію радыё “Эхо Москвы” даў зразумець, што іранскае дасье можа быць перададзенае на разгляд Рады Бясьпекі ААН. Заходняя прэса піша, што зьмена дыпляматычнай лініі Масквы, магчыма, выкліканая тым, што яна не дамаглася ад Тэгерану станоўчай рэакцыі на прапанову пра перанос працэсу ўзбагачэньня ўрану на расейскую тэрыторыю.

Захад падазрае Іран у распрацоўцы ядзернай зброі. Тэгеран адкідае абвінавачаньні і настойвае на сваім праве мець уласную ядзерную праграму ў мірных мэтах.

Гл. таксама • Што думаюць у Менску пра іранскую ядзерную праграму?
XS
SM
MD
LG