Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскіх зборшчыкаў подпісаў не пускаюць у інтэрнаты


Радыё Свабода У Гомельскай вобласьці зусім ня проста сябрам ініцыятыўных групаў альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на прэзыдэнта зьбіраць подпісы за сваіх лідэраў. Перашкоды іх пільнуюць даслоўна на кожным кроку.

У мікрараёне Валатава абласнога цэнтру на вуліцы Петруся Броўкі месьціцца вялікі інтэрнат дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны. Сюды і завіталі зборшчыкі подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча. Аднак дзяжурныя не пусьцілі зборшчыкаў далей холу, яны падвялі іх да вывешанага на інфармацыйнай дошцы распараджэньня.

(Калюга: ) “Вось чытайце, вісіць распараджэньне адміністрацыі. Напісана, што ў сувязі з сэсіяй пропуск наведнікаў у інтэрнат забаронены. Подпіс — адміністрацыя. Карацей кажучы, мы туды не прайшлі”, — распавёў зборшчык Мікалай Калюга.

Прарэктар унівэрсытэту ў адміністрацыйных і гаспадарчых справах Пётар Навуменка так пракамэнтаваў забарону:

(Навуменка: ) “У фае, у холе можна, а ўсярэдзіну — нельга. У нас ёсьць такі распарадак. Калі хтосьці сустракаецца, то толькі ў фае, у холе. Няхай прыходзяць у хол, запрашаюць сюды, гутараць і ставяць подпісы. Доступу свабоднага ўсярэдзіну няма. Адно-адзінае месца, дзе дзяўчат прыгожых багата. Юнакі з усёй Валатавы сюды цягнуцца, і потым іх ня выкурыць, ня выгнаць”.

З анэкдатычнай сытуацыяй сутыкнуўся на Цэнтральным рынку Гомелю падчас збору подпісаў за Аляксандра Казуліна Зьміцер Лінкоў:

(Лінкоў: ) “Ахова рынку — яны тапталіся, над душой стаялі. Пыталіся спачатку, ці ёсьць у нас дакумэнты на пікет. Потым яны патрабавалі, каб мы пайшлі да кіраўніцтва рынку і ўзгаднілі разьмяшчэньне пункту збору подпісаў, бо тут, маўляў, прыватная ўласнасьць”.

(Макараў: ) “Незразумела — якія подпісы? Першы раз чую. Разьбяруся!” — паабяцаў дырэктар рынку Мікалай Макараў у адказ на залішнюю ўвагу сваіх ахоўнікаў да зборшчыкаў подпісаў.
XS
SM
MD
LG