Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Берасьцейшчыне міліцыя запалохвае зборшчыкаў подпісаў


Радыё Свабода Сяброўку ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча Клаўдзію Сачкоўскую супрацоўнікі міліцыі вымусілі адмовіцца ад збору подпісаў.

Інцыдэнт здарыўся ў вёсцы Яглевічы Івацэвіцкага раёну, дзе жыве былая настаўніца Клаўдзія Сачкоўская. Падчас збору подпісаў за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча нехта патэлефанаваў у раённы аддзел унутраных справаў і паведаміў, што спадарыня Сачкоўская зьбірае подпісы супраць Аляксандра Лукашэнкі. Міліцыянты з Івацэвічаў прыехалі да былой настаўніцы і прымусілі аддаць пасведчаньне сябра ініцыятыўнай групы і падпісныя лісты, а пасьля адвезьлі Клаўдзію Сачкоўскую ў пастарунак.

Там у жанчыны запатрабавалі тлумачэньняў — чаму яна бярэ ўдзел у выбарчай кампаніі на баку апазыцыі. Празь некалькі гадзінаў, калі спадарыню Сачкоўскую ўжо адпусьцілі дадому, да яе прыехаў участковы міліцыянт, каб вярнуць адабраныя дакуманты і паведаміць, што нібыта распачатая адміністрацыйная справа закрыта.

Калі кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча ў Івацэвічах Станіслаў Халадовіч наведаў Івацэвіцкі РАУС, дык высьветлілася, што ніякай справы на Клаўдзію Сачкоўскую не заводзілі, нават размаўлялі зь ёй без складаньня пратаколу. Спадар Халадовіч (дарэчы, сам былы міліцыянт) абураны такімі паводзінамі супрацоўнікаў райаддзелу.

(Халадовіч: ) “Я ўвогуле не разумею і кажу, што тут трэба не спыняць адміністрацыйную справу, а распачынаць крымінальную справу на работнікаў міліцыі за такія дзеяньні незразумелыя”.

Што да самой спадарыні Сачкоўскай, дык яна пасьля гэтага здарэньня вырашыла адмовіцца ад удзелу ў кампаніі збору подпісаў.
XS
SM
MD
LG