Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць у Менску пра іранскую ядзерную праграму?


Радыё Свабода Міністры замежных справаў эўрапейскай тройкі (Вялікабрытанія, Нямеччына і Францыя) прапанавалі склікаць надзвычайнае паседжаньне МАГАТЭ, каб абмеркаваць іранскую ядзерную праграму — гэта адбылося пасьля таго, як Тэгеран аднавіў дасьледаваньні ўзбагачэньня ўрану. “Іранскае дасье” могуць перадаць Радзе бясьпекі ААН, якая разгледзіць магчымыя міжнародныя санкцыі супраць Ірану. Як камэнтуюць сытуацыю ў Менску?

Камэнтуючы пазыцыю МЗС адносна адноўленай іранскай ядзернай праграмы і заявы эўрапейскай тройкі, выканаўца абавязкаў прэсавага сакратара Андрэй Папоў заявіў:

(Папоў: ) “Па-першае, МЗС лічыць, што цяперашнія магчымасьці ў рамках дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі даюць Ірану права на распрацоўку ў мірных мэтах адпаведных праектаў і праграмаў. Па-другое, сапраўды, мы лічым, што магчымасьці для вырашэньня ўсіх пытаньняў, зьвязаных з “іранскім дасье” ў рамках МАГАТЭ яшчэ ня вычарпаныя. Таму мы падтрымліваем далейшы разгляд гэтага дасье ў рамках гэтай міжнароднай структуры”.

Падчас знаходжаньня ў Менску ў сярэдзіне сьнежня старшыня сходу Ісламскай рады Ірану Хадад Адэль Голям Алі заявіў, што ягоная краіна гатовая разьвіваць супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў энэргетычнай сфэры, у тым ліку ў галіне ядзернай энэргетыкі. Падобныя прапановы афіцыйнаму Менску рабіліся і раней. Ці наладзіла Беларусь супрацоўніцтва з Іранам у ядзернай праграме, ці працуюць там беларускія спэцыялісты? На гэтае пытаньне Андрэй Папоў адказаў:

(Папоў: ) “МЗС гэтай інфармацыяй не валодае, бо гэта ня наша кампэтэнцыя збольшага”.

Генэральны дырэктар Аб’яднанага інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў “Сосны” Вячаслаў Куўшынаў заяўляе, што ягоная ўстанова не супрацоўнічае з Іранам.

(Куўшынаў: ) “Мне нічога не вядома пра тое, што такія работы вядуцца. Хутчэй за ўсё, іх проста не існуе. Беларусь вялікая, але каб наш інстытут вёў такую працу, такое супрацоўніцтва, я ня ведаю”.

Спадар Куўшынаў выказаў сваё стаўленьне да іранскай ядзернай праграмы:

(Куўшынаў: ) “Узбагачэньне ўрану, якое яны зьбіраюцца весьці, сапраўды, можна разглядаць з розных пунктаў гледжаньня. Таму тут патрэбны, канечне, абсалютны кантроль МАГАТЭ. Таму што ўсе гэтыя тэхналёгіі, у прынцыпе, могуць быць падвойнага прызначэньня. Расея, натуральна, вядзе сваё супрацоўніцтва з Іранам выключна ў мірных мэтах”.

Эўрапейская тройка і ЗША мяркуюць, што пад выглядам разьвіцьця мірнай энэргетычнай праграмы Тэгеран шукае магчымасьцяў стварэньня ядзернай зброі. Іранскі бок заяўляе, што ядзерная праграма мае выключна мірныя мэты.

***

У прэсавай службе расейскай кампаніі «Атамбудэкспарт» паведамілі, што на будаўніцтве Бушэрскай атамнай электрастанцыі ў Іране “працуе невялікі працэнт беларусаў”. «Атамбудэкспарт» зьяўляецца генэральным падрадчыкам на ўзьвядзеньні станцыі. У прэсавай службе таксама паведамілі, што эвакуацыя спэцыялістаў, занятых на будаўніцтве першага блёка Бушэрскай АЭС у Іране на гэты момант не абмяркоўваецца.
XS
SM
MD
LG