Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як засьцерагчыся ад птушынага грыпу?


Кастусь Бандарук, Прага Экспэрты лічаць, што ў сувязі зь небясьпекай пандэміі птушынага грыпу надзвычай важна праводзіць прафіляктыку. Людзі, асабліва тыя, што жывуць у сельскіх раёнах павінны ведаць, як сябе паводзіць, што рабіць і чаго пазьбягаць, каб зьменшыць верагоднасьць захворваньня. Наш карэспандэнт сабраў адказы амэрыканскіх экспэртаў на самыя распаўсюджаныя пытаньні датычныя птушынага грыпу.

Людзей найперш цікавіць, якім чынам чалавек можа захварэць на птушыны грып? Вось, што адказаў на гэта доктар Эндру Павія, спэцыяліст у галіне інфэкцыйных хваробаў унівэрсытэту штату Юта:

(Павія: ) "Амаль усе выпадкі перадачы хваробы ад птушак да чалавека адбыліся ў выніку шчыльнага кантакту з хворымі птушкамі, перад усім, са свойскімі птушкамі. Пераважна заражэньне адбывалася ў часе разьбіраньня птушак для пячэньня ці гатаваньня. У выключна рэдкіх выпадках перадача хваробы адбылася тады, калі чалавек, які праводзіў баі пеўняў абсмактываў акрываўленую дзюбу пеўня. З другога боку, цяжка сказаць, якая форма кантакту з хворай птушкай бясьпечная, а якая – не. У кожным разе, віноўнікамі птушынага грыпу ў людзей зьяўляюцца ў асноўным свойскія куры і качкі".

Паводле доктара Павіі, дагэтуль не было ніводнага выпадку захворваньня людзей ад кантакту зь дзікімі качкамі. Нічога таксама не вядома пра выпадкі захворваньня сярод тых, хто жыве непадалёку ад птушыных фэрмаў. Каб выклікаць інфэкцыю, вірус мусіць непасрэдна трапіць ў рот, нос, альбо вочы чалавека. У якасьці страхоўкі Павія рэкамэндуе тым, хто нарыхтоўвае мяса птушак для кухні, надзяваць маскі, гумовыя рукавіцы і мыць рукі перад і пасьля кантакту з птушкай.

Шмат каго хвалюе пытаньне, ці можна спажываць сырыя яйкі, і ці тэрмічная апрацоўка птушынага мяса засьцерагае ад хваробы.

(Павія: ) "Гэта якраз найболей за ўсё хвалюе людзей. На дадзены момант я магу з упэўненасьцю сказаць, што не было выпадку захворваньня ад спажываньня добра сьпечанай птушкі, але, на маю думку, і да гэтага трэба ставіцца асьцярожна. Што тычыцца спажываньня сырых яек, дык хутчэй за ўсё гэта пагражае не вірусам птушынага грыпу, але сальманэлай ды іншымі бактэрыямі".

Якія асноўныя сымптомы птушынага грыпу? На што людзі павінны зьвяртаць ўвагу?

Паводле прафэсара Пітэра Оўпэншоў з Нацыянальнага інстытуту сэрца і лёгкіх, птушыны грып напачатку нагадвае звычайны грып. Хворы пачынае кашляць, цяжка дыхае, у яго зьяўляецца гарачка і боль цягліцаў. Палова ўсіх хворых адчувае боль у жываце, зьяўляецца панос і ванітаваньне. Прафэсар Оўпэншоў кажа, што людзі пераважна зьвяртаюцца да лекара ад 3 да 8 дзён пасьля зьяўленьня першых сымптомаў інфэкцыі, але найлепей прыступіць да лячэньня як мага хутчэй: у межах 48 гадзінаў пасьля таго, як тэмпэратура цела падвысіцца да 38 градусаў.
XS
SM
MD
LG