Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ чакае запрашэньня на прэзыдэнцкія выбары


Радыё Свабода “АБСЭ патрабуе ад Менску запрасіць сваіх назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары ў сакавіку”, — заявіў учора ў Вене новы старшыня арганізацыі, бэльгійскі міністар замежных справаў Карэл Дэ Гухт. Як паведамілі “Свабодзе” ў прэсавай службе спадара Дэ Гухта, у Вене занепакоеныя тым, што назіральнікі ад АБСЭ пакуль не атрымалі такога запрашэньня. Між тым, часу для падрыхтоўкі так званага камплектнага назіраньня засталося няшат.

Заяву новага старшыні АБСЭ Карэла Дэ Гухта камэнтуе намесьнік кіраўніка прэсавай службы эўрапейскай арганізацыі Кейт Джынкс:

(Джынкс: ) “Абавязак Беларусі — запрашаць назіральнікаў”, — заявіў спадар Дэ Гухт. Ён таксама падкрэсьліў, што “Беларусь абавязана запрашаць прадстаўнікоў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДіПЧ) для назіраньня”. У часе прэсавай канфэрэнцыі новы старшыня паведаміў, што з падобнай заявай ён выступіў і на Сталай радзе АБСЭ, і прадстаўнік Беларусі запэўніў Раду, што гэтыя патрабаваньні будуць перададзены далей беларускаму кіраўніцтву. Будзем чакаць”.

Ці доўга назіральнікам АБСЭ прыйдзецца чакаць запрашэньня зь Менску, у Вене ня ведаюць. Аднак лічаць, што часу засталося няшмат.

(Джынкс: ) “Існуюць, як вы ведаеце, розныя ўзроўні назіраньня — доўгатэрміновае, кароткатэрміновае. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў патрэбнае камплектнае назіраньне — праца абедзьвюх камандаў. Калі для запрашэньня каманды кароткатэрміновага назіраньня час ёсьць, то гэтага нельга сказаць пра доўгатэрміновае назіраньне. Прадстаўнікі БДіПЧ падрыхтавалі і распрацавалі пэўны плян у адпаведнасьці са сваім календаром мерапрыемстваў, аднак усё гэта — фаза плянаваньня. Усе чакаюць запрашэньняў, а часу застаецца мала”.

Спадар Джынкс ня можа сказаць, што “з аптымізмам глядзіць на далейшае разьвіцьцё падзеяў”. Паводле ягоных словаў, калі запрашэньне ня прыйдзе ў час, то пытаньне зноў будзе вынесена на паседжаньне Сталай Рады АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG