Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусы катаюцца на лыжах у зоне птушынага грыпу


Радыё Свабода Урады бальшыні эўрапейскіх краінаў рэкамэндавалі сваім грамадзянам устрымацца ад паездак у Турэччыну, дзе імкліва расьце колькасьць шпіталізаваных з падазрэньнем на птушыны грып. Беларускае МЗС таксама некалькі разоў папярэджвала грамадзянаў Беларусі, каб тыя ня ехалі ў эпідэміялягічна небясьпечны рэгіён. Тым ня менш, паводле Нацыянальнага агенцтва турызму, штодня некалькі беларускіх турыстаў выпраўляюцца на гарналыжныя курорты Турэччыны. Гэта тычыцца людзей, якія карыстаюцца паслугамі мясцовых турфірмаў. Колькасьці тых, хто афармляе замовы праз апэратараў суседняй Расеі, Літвы ці Ўкраіны, агенцтва ня ведае.

Прапановы адпачыць на гарналыжных курортах Турэччыны зьявіліся нядаўна. Перавагай турэцкага кірунку турапэратары лічаць ідэальныя ўмовы для тых, хто ня можа назваць сябе прафэсіяналам у гарналыжным спорце. Але ці не асноўны аргумэнт — амаль удвая таньнейшы адпачынак у параўнаньні з альпійскіміі курортамі. Самыя буйныя і папулярныя турэцкія гарналыжныя базы — Улудаг, Кайсэры, Эрджыэс, Карталкая, Паландакен. Практычна ўсе яны месьцяцца непасрэдна каля карантыннай зоны. Карталкая знаходзіцца паміж Анкарой і Кастаману, дзе афіцыйна пацьверджаныя выпадкі заражэньня. Ад Улудагу недалёка Стамбул, дзе таксама зафіксаваны небясьпечны вірус. Паландакен уваходзіць у склад правінцыі Ван, дзе афіцыйна пацьверджаныя тры сьмерці ад птушынага грыпу. Разам на лекаваньні з прыкметамі небясьпечнай хваробы каля сотні чалавек, зь іх 33 — у шпіталях гораду Ван.

Між тым, турапэратары кажуць, што яшчэ ніводзін беларускі турыст, які набыў пуцёўку ў Турэччыну, не адмовіўся ад паездкі. Праўда, турыстычны мэнэджар Віктар Конеў мяркуе, што з павелічэньнем колькасьці трагічных навінаў з Турэччыны, магчыма, людзі будуць усё ж больш абачлівыя.

(Конеў: ) “Думаю, людзі паляцяць туды і надалей. Але меркаванай колькасьці турыстаў (на адзін толькі студзень з Масквы плянавалася дваццаць чартэраў, а гэта дзесьці трыста чалавек кожны), канечне, ня будзе. Аднак палёты будуць у любым выпадку, бо неяк жа трэба забіраць людзей адтуль”.

Кіраўнік Нацыянальнага агенцтва турызму Чэслаў Шульга напярэдадні адзначыў, што славянскі мэнталітэт парадаксальна рэагуе на небясьпеку. Прыродная ці тэхнагенная катастрофа ў нейкай частцы сьвету не адпужвае, а наадварот — прываблівае турыстаў, перадусім, расейскіх, але і беларускіх таксама. Праўда, тут спадар Шульга бачыць і іншае тлумачэньне — турысты разьлічваюць на зьніжэньне коштаў.

Прадпрымальнік Віктар Купрыянаў адкрыў для сябе зімовую Турэччыну якраз год таму і кажа, што навагоднія вакацыі (як і летнія) усё больш беларусаў імкнуцца праводзіць менавіта ў Турэччыне — кошты цалкам прымальныя, а ўзровень сэрвісу высокі.

(Купрыянаў: ) “Шмат хто туды імкнецца якраз на Новы год. Я сам асабіста ведаю, што з Воршы два мае сябры ў Турэччыну зьбіраліся. Праўда, ня ведаю, там яны ці яшчэ не. Але на навагоднія сьвяты павінны там быць нашы людзі. Зь іншага боку, ня ведаю, наколькі апраўданая паніка вакол пагрозы захворваньня. Асабіста мне падаецца, што гэта моцна перабольшана”.

Пакуль няма зьвестак, каб з падазрэньнем на птушыны грып у Турэччыне быў шпіталізаваны хтосьці з замежнікаў. Аднак штодня колькасьць ахвяраў вірусу ці падазраваных на магчымасьць заражэньня павялічваецца.

За два тыдні патэнцыйна сьмяротны для чалавека вірус распаўсюдзіўся больш як на тысячу кілямэтраў — з усходу Турэччыны да сталіцы, Анкары. Небясьпечны штам H5N1 зафіксаваны ў дваццаці з васьмідзесяці адной правінцыі краіны, уключна зь узьбярэжжам Эгейскага мора. Паводле Міністэрства сельскай гаспадаркі Турэччыны, забіта ўжо 360 тысяч птушак. Аднак некаторыя спэцыялісты мяркуюць, што трэба забіць 8 мільёнаў — менавіта столькі птушак вырасла на птушкафэрмах за апошнія тры месяцы.
XS
SM
MD
LG