Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці танны газ для жыхароў Гомельшчыны?


Радыё Свабода 12 студзеня ў Докшыцах Віцебскай вобласьці Аляксандр Лукашэнка запаліў чарговы газавы факел, прадэманстраваўшы тым самым, што прыродны газ прыйшоў у чарговы раённы цэнтар. Канцэрн “Белпалівагаз” падае наступную інфармацыю: цягам 1994-2005 гадоў у Беларусі газіфікавана 50 раённых цэнтраў, у тым ліку 13 асабліва пацярпелых ад Чарнобылю.

Адной з найбольш газіфікаваных лічыцца цяпер і Гомельская вобласьць. Аднак, нягледзячы на разгалінаваную сетку газаправодаў, у рэгіёне налічваецца звыш 200 тысячаў карыстальнікаў звадкаваным балённым газам. Пра плату і карыстаньне балённым газам апавядае пэнсіянэрка з невялікай вёсачкі Каменка Буда-Кашалёўскага раёну Ганна Баранава:

(Баранава:) “У гэтым месяцы плацілі 20 тысяч 150 рублёў за балён. Плаціць будзем. А што рабіць?! Прыроднага няма -- у нас плошча не заслужаная, у пасёлку мы жывём. Дык няхай хоць гэты газ будзе. Зімою печ халодная, дрывамі палім. Газу ў нас цяпер ужо меней расходуецца. А летам болей – печы ня хочацца паліць, больш газам карыстаемся”, -- кажа спадарыня Баранава.

Пэнсіянэр з вёскі Хвойня Петрыкаўскага раёну Васіль Содзель лічыць, што 20 тысячаў рублёў за балён звадкаванага гаду дарагавата:

(Содзель:) “Канешне, дорага. Мо то шэсьць балёнаў на год трэба. У нас ад райцэнтру далёка, усё жыцьцё на балёнах будзем”.

Тыя, хто карыстаецца звадкаваным газам, падлічылі, што ў адным балёне ўтрымліваецца каля 20 кубаметраў газу, і каштуе балён блізу 10 даляраў. Падрахункі падае пэнсіянэр Аркадзь Корхаў з Чачэрску. Дарэчы, у гэты райцэнтар таксама падведзены прыродны газ, але далёка ня ўсе ім карыстаюцца з прычыны таго, што ня маюць грошай правесьці газ у свае дамы. Спадар Корхаў у іх ліку. Карыстаецца балённым газам:

(Корхаў:) “Калі кубаметр каштуе паўдаляра, то, зразумела, 1 тысяча кубаметраў – 500 даляраў. Звадкаваны газ даражэйшы”.

На выраб звадкаванага газу патрэбны дадатковыя сродкі. Але ці справядліва, каб звадкаваны газ быў у 10 разоў даражэйшы за прыродны? Зрэшты, і прыродным газам ня надта танна абаграваць зімою жытло. Кажа жыхар вёскі Вуць Добрушскага раёну Мікалай Сінельнікаў:

(Сінельнікаў:) “Ён добра, але справа ў тым, што кусаецца. Калі капейкі каштаваў (у савецкі час 14 рублёў на месяц за абагрэў вялікага цагельнага дому), гэта было добра. Мы тады па 100 рублёў атрымлівалі, пэнсіянэр – і той 70 рублёў меў. Яно ня бачна было. А цяпер на такі цагельны дом 70 тысячаў рублёў не хапае”, -- сьцьвярджае вясковец.

Што таннага газу больш ня будзе, папярэджваў жыхароў у тых жа Докшыцах, а раней у Лоеве, і Аляксандр Лукашэнка. Таму і раіць кіраўнік дзяржавы - пабач з газавым “павінен стаяць кацялок з дрывамі”.

Сёньня ўвечары многія сьвяткуюць шчодрую, багатую куцьцю. Але, на думку шмат каго, смачнай куцьці на газавай пліце ня зварыш. Вось кажа на гэты конт ужо знаёмая нам пэнсіянэрка Ганна Баранава зь вёскі Каменка Буда-Кашалёўскага раёну:

(Баранава:) “13-га будзем ужо куцьцю багатую варыць -- на малацэ, масла ўб`ем ды яечак. У печы -- на газе ня будзе такая смачная”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG