Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У тралейбусах Горадні пабольшала беларускай мовы


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні ў тралейбусах назвы прыпынкаў пачалі гучаць на беларускай мове. Неўзабаве так будзе зроблена і ў аўтобусах. З наступнага месяца праязныя (тралейбусныя) надрукуюць на беларускай мове.

Напачатку 90-х гадоў тралейбуснае упраўленьне якраз было піянэрам у беларусізацыі ў горадзе. Сёньня ўсё даводзіцца пачынаць наноў, і робіцца гэта дзякуючы высілкам людзей з Таварыства беларускай мовы.

Назвы прыпынкаў цяпер гучаць у запісе, начытаць іх павінен быў прафэсійны дыктар. ТБМ зьвярнулася ў абласную тэлерадыёкампанію, там сказалі: давайце 100 тысяч рублёў, а грошай у Таварыства няма. Мусілі шукаць дабрадзеяў, цяпер зрабілі запіс і для аўтобуснага парку, адно там папрасілі, каб быў жаночы голас. Праўда, беларуская мова загучала не ва ўсіх тралейбусах, а толькі ў двух на кожным з 11 маршрутаў.

Паводле Аляксандра Місьцюкевіча, які ўзначальвае абласную арганізацыю ТБМ, яны зьвярнуліся да кіраўнікоў банкаў, каб кліентам можна было там афармляць паперы на беларускай мове. Ён гаворыць, што ўсё залежыць ад кіраўніка: адгукнуўся толькі адзін чалавек—Алег Бегуноў, прычым расеец па нацыянальнасьці, зазначае спадар Місьцюкевіч і дадае: а вось беларусы баяцца ці ня хочуць, нават не адказалі на лісты з ТБМ. Гэтак жа з крамамі: актывісты зьвярталіся да кіраўніка гандлю ў горадзе спадара Стомы, да загадчыкаў крамаў, але ім беларуская мова ў вітрынах непатрэбная.

Што датычыць школы, дык тут яшчэ болей праблемаў. Гарадзкія ўлады паабяцалі, што ў гімназіі зробяць набор на беларускамоўнае навучаньне і нічога не зрабілі. Сытуацыя па вобласьці імкліва пагаршаецца: у гарадзкіх школах не застаецца беларускіх клясаў, вясковыя таксама паступова пераходзяць на расейскую мову.

Сытуацыя крыху лепей у Лідзе. Там выходзіць газэта ТБМ “Наша Слова”, хаця друкарня заключыла зь ёй кантракт толькі на студзень, а ў Менску адмовіліся яе прадаваць. Але там стаіць помнік Францішку Скарыну, можа гэта дапамагае лідчукам. Станіслаў Суднік, які рэдагуе “Наша Слова”, зазначае, што ў Лідзе ёсьць добрыя прыклады: больш за палова шыльдаў на беларускай мове, на ёй цяпер справаводзтва ў музэі, зьявіліся прыватныя машыны, расьпісаныя па-беларуску, напрыклад, “Дахавыя работы”. Але ён згаджаецца, што з адукацыяй сытуацыя горшая: у гэтым навучальным годзе ня стала першых беларускіх клясаў. ТБМ будзе займацца гэтым, а таксама пытаньнямі маркіроўкі на беларускай мове тавараў трох вялікіх прадпрыемстваў і іхняй рэклямай, сказаў Станіслаў Суднік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG