Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці заўважаецца палітычны падзел паміж рэгіёнамі?


Уладзімер Глод, Менск Традыцыйна лічыцца, што Ўсходняя Беларусь больш падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку, а Заходняя – апазыцыю. Зьнешніх падставаў для такой высновы нібыта хапае: так на мінулых выбарах Гарадзеншчына вылучыла кандыдатам на прэзыдэнта Сямёна Домаша, на цяперашніх – адразу чатырох прэтэндэнтаў (Аляксандра Мілінкевіча, Зянона Пазьняка, Сяргея Скрабца, Валерыя Фралова), а Магілёўшчына падчас апошняй кампаніі стала лідэрам сярод тых, хто галасаваў за Аляксандра Лукашэнку... Ці заўважаецца своеасаблівы палітычны падзел паміж рэгіёнамі цяпер, на стадыі збору подпісаў?

Канчатковыя высновы наконт спэцыфічнага, так бы мовіць, палітычна-геаграфічнага дзяленьня Беларусі можна будзе зрабіць толькі пасьля падсумаваньня вынікаў выбараў. Але сёньня – пасьля размоваў з прадстаўнікамі розных ініцыятыўных групаў – можна канстатаваць: такога выразнага падзелу не існуе. Прыкладам, у штабах Гайдукевіча, Казуліна, Мілінкевіча, Фралова гавораць, што збор подпісаў ідзе раўнамерна па ўсёй краіне. А выключэньнем выступае толькі сталіца, дзе, зразумела, колькасьць падпісантаў найбольшая. Вось меркаваньні на гэты конт патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта Сяргея Гайдукевіча і кіраўніка выбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча Сяргея Калякіна:

(Гайдукевіч: ) "У прынцыпе, збор подпісаў ідзе так: што ў Берасьцейскай, што ў Гомельскай, што ў Магілёўскай абласьцях – розьніцы практычна ніякай".

(Калякін: ) "Прынцыповай розьніцы ніякай няма. Няма такога яўнага прыярытэту".

Усе ініцыятыўныя групы, акрамя Сяргея Скрабца, нават пры адносна раўнамерным зборы подпісаў большыя посьпехі маюць у Менску. А вось у прыхільнікаў арыштаванага экс-дэпутата сталіца толькі на чацьвертым месцы, гаворыць кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Галаганюк:

(Галаганюк: ) "У нас самыя ўдарныя рэгіёны гэта: Гарадзенская вобласьць (перадусім Ліда), потым ідуць Магілеў, Менск, Гомель..."

Сяргей Скрабец балятаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў мінулага скліканьня менавіта ў Лідзе, дзе ён рос і дзе добра ведаюць яго сям’ю. Таму тут у Скрабца такая папулярнасьць. Па-другое, ягоная ініцыятыўная група складаецца ўсяго з паўтары сотні чалавек. А, згодна з законам, зьбіраць подпісы могуць толькі сябры групы. Зразумела, што добра папрацаваць у сталіцы ім проста не хапае фізычных сілаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG