Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 гадоў сьпеўнай рэвалюцыі ў Літве


Тацяна Поклад, Вільня 13 студзеня Літва адзначае Дзень абаронцаў свабоды. 15 гадоў таму пры супраціве аднаўленьню савецкай ўлады ў Літве загінулі 14 чалавек, сотні былі параненыя. Віленскай залогай кіраваў генэрал Уладзімер Усхопчык, былы намесьнік міністра абароны Беларусі, які дасюль лічыцца ў вышуку ў пракуратуры Літвы.

Пасьля прыняцьця парлямэнтам Літвы Дэклярацыі (Акту) пра дзяржаўную незалежнасьць, кіраўніцтва СССР вырашыла ўтрымаць Літву пры дапамозе вайсковай сілы. Уначы з 12 на 13 студзеня 1991 году савецкія вайскоўцы захапілі стратэгічна важныя аб`екты ў Вільні – у іх ліку парлямэнт, тэлевежа і будынкі Дзяржтэлерадыё, Дом друку. У выніку загінулі і былі параненыя людзі, якія выйшлі бяззбройнымі супраць савецкіх танкаў. Незалежнасьць Літвы, аднак, была абароненая.

Тагачасныя падзеі атрымалі назву сьпеўнай літоўскай рэвалюцыі. Змагароў за незалежнасьць Літвы ў той час падтрымалі і сябры БНФ, якія рызыкавалі жыцьцём разам зь іншымі ўдзельнікамі абароны літоўскага парлямэнту.

Тады ў Вільні загінулі 14 чалавек, дакладная колькасьць параненых невядомая – паведамляецца, што іх было некалькі сотняў. Сьледзтва ў справе пра студзеньскія падзеі працягвалася каля шасьці гадоў, аднак дагэтуль 42 падазраваных і абвінавачаных у сьмерці бяззбройных людзей хаваюцца ад суду і сьледзтва ў Расеі, Беларусі і Ўкраіне.

Расея і Беларусь адмаўляюцца выдаць абвінавачаных і падазраваных. Сёлета літоўскі Сойм прыняў два звароты да расейскіх уладаў з заклікам прызнаць адказнасьць у ажыцьцяўленьні гістарычнай справядлівасьці і супрацоўніцтве па “справе 13 студзеня”. Парлямэнцкая апазыцыя скрытыкавала літоўскі ўрад за няздольнасьць завершыць “справу 13 студзеня” і ініцыявала патрабаваньне да Расеі ад літоўскога Сойму не перашкаджаць “справе 13 студзеня”. Гэтую прапанову ў парлямэнце агучыла сябра партыі кансэрватараў Раса Юкнявічэне.

(Юкнявічэне: ) “Такім злачынствам няма тэрміну даўнасьці. Справа 13 студзеня ня скончаная. Літва – сябра Эўразьвязу, і таму Сойм мае канстатаваць, што Расея ў дачыненьні да Літвы не трымаецца пагадненьяў, і што з нашымі суседзямі – Беларусьсю і Расеяй – у нас няма агульнай прасторы прававой справядлівасьці. Рана ці позна гэтае пытаньне павінна быць вырашанае.”

Літоўскі парлямэнт ня разглядаў зваротаў да беларускіх уладаў, паколькі яны не прызнаюцца легітымнымі.

Адным з тых, хто абвінавачваецца ў забойстве людзей у студзені 1991 году, зьяўляецца былы намесьнік міністра абароны Беларусі генэрал-лейтэнант Ўладзімер Ўсхопчык.

Ён узначальваў Віленскую залогу ў часе падзеяў 13 студзеня 1991 году, калі падчас штурму тэлевежы і парлямэнту ў Вільні загінулі людзі. Ад 1994 году генэральная пракуратура Літвы дамагаецца выдачы генэрала Ўсхопчыка. Яго абвінавачваюць у шэрагу крымінальных злачынстваў, зьвязаных са спробаю замаху на незалежнасьць Літоўскай рэспублікі, а таксама ў тым, што ён прымаў удзел у забойствах грамадзянаў Літвы й нанясеньні ім цяжкіх цялесных пашкоджаньняў падчас разгону мірных дэманстрацыяў у Вільні.

Вітаўтас Ландсбэргіс, тагачасны старшыня Вярхоўнай Рады Літвы, прадставіў суду запіс тэлефонных размоваў з Усхопчыкам, калі той пагражаў ужыць сілу. В.Ландсбэргіс ня раз заяўляў, што “генэрал Усхопчык быў актыўным удзельнікам студзеньскіх падзеяў, ён кіраваў Віленскай залогай, і, згодна зь ягоным загадам, танкі й браневікі пайшлі на бяззбройных людзей”.

Літва не наважаная адмаўляцца ад патрабаваньняў пакараць вінаватых у забойстве бяззбройных людзей у часе сьпеўнай рэвалюцыі. Сьпікер літоўскага Сойму Артурас Паўласкас кажа, што літоўскія прадстаўнікі стала ўзьнімаюць пытаньні адносна “справы 13 студзеня”, але праблема ня столькі ў адсутнасьці дамоваў аб экстрадыцыі зь Беларусьсю і Расеяй, колькі ў тым, што суседзі Літвы па-рознаму інтэрпрэтуюць дзеяньні тых, хто накіраваў танкі па вуліцах Вільні 15 гадоў таму.

(Паўласкас: ) “Гэтыя пытаньні ўувесь час уздымаюцца. Асобы, патрэбныя суду па “справе 13 студзеня”, жывуць і займаюць высокія пасады і ў Расеі, і ў Беларусі. Праблема ў тым, што гэтым краінам вельмі цяжка вызначыць сэнс тых падзеяў у Літве. Адказ увесь час адзін: яны ня лічаць, што гэтае злачынства перасьледуецца паводле іх законаў.”

У Літве па “справе 13 студзеня” судовае пакараньне атрымалі 6 чалавек, тэрміны зьняволеньня – ад 12 да 4 гадоў. Зьняволеньне тэрмінам на 12 гадоў было прысуджанае толькі адному былому першаму сакратару Літоўскай кампартыі Мікалоюсу Буракявічусу. Так супала, што менавіта сёньня ён вызодзіць на волю. Тэрмін яго зьняволеньня закнчваецца 15 студзеня – гэта нядзеля, а, паводле існуючых правілаў, вязень мае быць выпушчаны ў працоўны дзень, таму ўсе дакумэнты падрыхтаваныя ўжо сёньня. Калі М.Буракявічус захоча, ён атрымае і належную грашовую дапамогу, як і ўсе вязьні па заканчэньні тэрміну пакараньня.

Паводле сёлетняга сацыялягічнага апытаньня, большасьць жыхароў Літвы і сёньня б пайшла бараніць незалежнасьць Літвы (62,4% апытаных). Таксама бальшыня апытаных (74,4 %) сказалі, што памятаюць 13 студзеня як дзень абароны свабоды Літвы.

Гл. таксама • «Ніхто не хацеў паміраць»…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG