Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лех Валэнса, ацэньваючы апошнія падзеі ва Ўкраіне, сказаў і пра Беларусь


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польскія мэдыі пішуць пра збор подпісаў у прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі, адзначаючы, што тыя, хто зьбірае подпісы за цяперашняга кіраўніка краіны, маюць магчымасьць наведваць любыя прадпрыемствы і ўстановы, у той час, як перад актывістамі штабаў апазыцыйных кандыдатаў дзьверы заводаў і студэнцкіх інтэрнатаў зачыняюцца.

«Gazeta Wyborcza» піша, што паводле дадзеных прадстаўнікоў штабу Аляксандра Лукашэнкі, за яго падпісаліся ўжо амаль мільён беларусаў, у той час, як за кандыдата ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча – ў 10 разоў меней.

“Прадстаўнікі апазыцыйных кандыдатаў скардзяцца на ўціск з боку ўладаў. Напрыклад, штаб Аляксандра Казуліна накіраваў ужо дзьве скаргі ў ЦВК з прыкладамі пагрозаў звольніць з працы тых, хто зьбірае подпісы за апазыцыйнага кандыдата. У актывістаў апазыцыі міліцыянты бесперапынна правяраюць дакумэнты, не дазваляюць стаяць у ажыўленых месцах. Адначасова апазыцыя кажа пра тое, што шмат дзе падпісацца за цяперашняга кіраўніка краіны папросту змушаюць, а пасьведчаньне актывіста выбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі адчыняе ўсе дзьверы”, – піша польскі штодзёньнік.

Між тым, былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса, ацэньваючы для польскіх мэдыяў апошнія падзеі ва Ўкраіне, закрануў таксама і Беларусь.

Паводле спадара Валэнсы, адстаўка ўкраінскага ўраду ня зьменіць “праэўрапейскага курсу” Ўкраіны на прарасейскі.

“Нават калі б так і адбылося, дык сьвет ужо іншы. Няма выбару – і Ўкраіна, і Беларусь вымушаныя хаця паволі, але прыстасоўвацаа да ХХІ стагодзьдзья”, – заявіў Лех Валэнса.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG