Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янка Філістовіч


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Мне хочацца напісаць апавяданьне пра закаханую ў Янку Філістовіча францужанку – ягоную аднакурсьніцу з гістарычнага факультэту Сарбоны. Пра тое, як дзякуючы высокаму цёмнарусаму хлопцу, якога сябры называлі Напалеонам, дзяўчына даведалася пра невядомую ёй краіну паміж Польшчай і Расеяй і нават вывучыла на роднай Янкавай мове два словы, якія памятае дагэтуль – “Жыве Беларусь!”

Янка выдаваў часопіс зь няпростым для францускага вуха назовам “Моладзь”, быў адным зь лідэраў згуртаваньня сваіх маладых суайчыньнікаў. Потым паехаў вучыцца ў Лювэнскі ўнівэрсытэт у Бэльгіі, і дзяўчына зрэдку атрымлівала пра Янку зьвесткі ад агульнага знаёмага – мастака Міхася Навумовіча. Яна ганарылася, калі пачула, што ў 25 гадоў Філістовіч стаў сябрам Рады БНР – ураду сваёй краіны ў выгнаньні.

А тады Янка зьнік.

Толькі праз 50 гадоў гераіня майго аповеду зноў сустрэне мэсьё Навумовіча й даведаецца, што ў 1951-м Філістовіч на парашуце дэсантаваўся на родную зямлю і стварыў партызанскую групу, мэтаю змаганьня якой была вольная Беларусь. Праз год, калі Янка будзе выходзіць з гэбісцкага акружэньня, школьны сябар падсыпле яму ў гарбату снатворнага...

У 1953-м Філістовіча прысудзяць да расстрэлу...

Я абавязкова напішу свой аповед, і мне дапаможа дакумэнтальная кніга Аляксандра Лукашука “Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста”, якая сапраўды вярнула гэтае імя ў нашу гістарычную памяць.

14 студзеня Янку Філістовічу споўнілася б 80. Ён загінуў ва ўзросьце Каліноўскага, зь якім Янку часта параўноўвалі. Калі краіна здабыла незалежнасьць, у друку гучалі прапановы ўлучыць імя Філістовіча ў сьпіс ста найвыдатнейшых асобаў Беларусі за ўсю яе гісторыю. Але сёньня артыкулу пра яго вы ня знойдзеце нават ў гістарычнай энцыкляпэдыі.



XS
SM
MD
LG