Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тацяна Хома атрымала адказ ад Мінадукацыі


Любоў Лунёва, Менск Тацяна Хома, якую выключылі зь Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту з чацьвертага курсу, атрымала адказ на сваю скаргу зь Міністэрства адукацыі. Тацяна прасіла даць ёй афіцыйнае тлумачэньне прычынаў адлічэньня. Паводле міністэрства, студэнтка-выдатніца сыстэматычна парушала ўнутраную дысцыпліну ўнівэрсытэту.

Міністэрства адукацыі дало адказ на скаргу Тацяны на трох старонках. Чыноўнікі пералічылі агульныя правілы навучаньня ў вышэйшых установах. Таксама Тацяне патлумачылі, што адсутнічаць на занятках можна толькі пасьля атрыманьня дазволу ў дэканаце. І яшчэ ёй было паведамлена, што студэнтка некалькі разоў прапускала заняткі, ня маючы паважных прычынаў. У адказе пералічаныя пропускі заняткаў у пятым, шостым і сёмым сэмэстрах і зроблена выснова, што пасьпяховасьць студэнткі пагоршылася.

Тацяна Хома лічыць адказ фармальнай адпіскай. Згодна з загадам рэктара БДЭУ, яе адлічылі 24 лістапада за самавольны выезд за мяжу.

(Хома: ) “Адказ, які мне даслала Міністэрства не зусім зьяўляецца адказам на маю скаргу, бо маё адлічэньне патлумачылі пропускам заняткаў, а ня так, як напісана ў загадзе рэктара: “за самавольны выезд за мяжу”. Я параілася з адвакатам і знаёмымі юрыстамі і вырашыла ўсё ж падаваць заяву ў суд. Ёсьць адпаведны закон, таму ёсьць спадзяваньне, што справа вырашыцца на маю карысьць, бо, прыняты загад, які не адпавядаў закону. Натуральна, я не зьбіраюся губляць час і буду працягваць сваю вышэйшую адукацыю.”

У адказе Міністэрства адукацыі паведамляецца, што аднавіцца на вучобе дзяўчына зможа толькі на платнай форме навучаньня, і то, калі рэктар дасьць дазвол. Сёлета платнае навучаньне на чацьвёртым курсе факультэту міжнародных эканамічных адносінаў каштуе 1 200 даляраў.

Тацяна Хома паведаміла “Свабодзе”, што занятая цяпер пошукам замежных ВНУ, каб атрымаць вышэйшую адукацыю. Разам з тым яна зьбіраецца зьвяртацца ў судовыя інстанцыі па абарону сваіх правоў.
XS
SM
MD
LG