Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч і А.Лукашэнка наведалі Віцебшчыну


Радыё Свабода, Віцебск Спадар Мілінкевіч сустракаўся сёньня з жыхарамі Воршы і пасёлка Коханава ў Талачынскім раёне, а Аляксандар Лукашэнка ўзяў удзел ва ўрачыстым адкрыцьці мясцовага газаправоду ў Докшыцах.

Аляксандар Мілінкевіч, прэтэндэнт на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, абраны на Кангрэсе дэмакратычных сілаў, распачаў паездку па Віцебшчыне.

Ён сустрэўся з патэнцыйнымі выбарцамі ў пасёлку Коханава і ў Воршы, прычым адзначыў, што мясцовыя жыхары зь вялікай цікаўнасьцю паставіліся да ягонага візыту, нягледзячы на тое, што з гэтага рэгіёну таксама паступаюць зьвесткі пра ціск уладаў на тых, хто зьбірае за яго подпісы або проста праяўляе інтарэс да дзейнасьці апазыцыі.

(Млінкевіч: ) "У мяне склалася ўражаньне, што тут больш сьмялейшыя людзі. Як мы былі ў Коханаве, а гэта зусім маленькае мястэчка, дык там каля рынку народу столькі сабралася, колькі ў буйных гарадох не заўсёды зьбіраецца. І ўлады стаялі ў радочак, і людзі іх не баяліся. І ў Воршы былі на рынку, стаялі каля пікету, і людзі падыходзілі, цікавіліся. Маці падышла з дачкой, падпісаліся, мы зь імі пагаварылі".

У цэнтры Воршы штодня стаіць пікет, дзе зьбіраюць подпісы за вылучэньне Мілінкевіча. Побач стаяць сябры ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка. Зьбіраньне подпісаў у прысутнасьці самога Аляксандра Мілінкевіча праходзіла дужа актыўна, са спрэчкамі ды абменам думкамі.

(Спадар: ) "Во гэтага чалавека мы ўжо ведаем – у “Народнай волі” было пяць ягоных партрэтаў. А гэта ўжо плюс – інфармацыя. Мне 71 год, я пэнсіянэр, але шмат, шмат яшчэ пэнсіянэраў за Лукашэнку".

(Другі спадар: ) "Затое ў Беларусі бульба даражэйшая, як у бліжэйшых краінах! У Пскоўскай вобласьці – таньнейшая, на Украіне – таньнейшая".

(Спадарыня: ) "Ну і што, вы нешта лепшае прапануеце?"

(Спадар: ) "Так, прапануем".

(Спадарыня:) "Нешта я сумняюся. Ці вам сам Гасподзь Бог зь неба лепшае прышле?"

(Спадар: ) “Вы, спадарыня, проста недальнабачная ў эканамічных пытаньнях".

Кожны жыхар Воршы і Коханава мог сёньня задаць любыя пытаньні Аляксандру Мілінкевічу. Большасьць жыхароў Докшыцаў, да якіх сёньня завітаў Аляксандар Лукашэнка, ня мелі такой мажлівасьці: ахоўнікі трымалі іх на адлегласьці, і ахвотных пагаварыць дужа не падпускалі.

Увогуле ж, як заўважыў жыхар райцэнтру Тадэвуш Закалінскі, гэтая сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам была куды больш афіцыйная, чымсьці ў часе ягонага першага візыту.

(Закалінскі: ) “Не, гадоў 7 ці 8 ён ужо быў у Докшыцах, але нейкага такога ажыятажу не было. Усё было больш спакойна. Але ж тады не было й выбарчай кампаніі”.

Як распавёў спадар Закалінскі, газ у Докшыцы правялі яшчэ два месяцы таму, і візыту Лукашэнкі чакалі, толькі каб зладзіць урачыстае адкрыцьцё станцыі. Але, запаліўшы ўжо традыцыйную блакітную паходню, Аляксандар Лукашэнка гаварыў ня толькі пра “разьвіцьцё сацыяльных стандартаў”, але й пра прэзыдэнцкія выбары.

У прыватнасьці, ён запэўніў, што выбары пройдуць спакойна, што ніхто не дапусьціць на Беларусі нестабільнасьці і паўтарэньня “кіргізскіх падзеяў”, і што ўлады ні ў якім выпадку ня будуць замінаць іншым прэтэндэнтам змагацца за прэзыдэнцкую пасаду.
XS
SM
MD
LG