Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьце пагроза пандэміі птушынага грыпу


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Пагроза пандэміі птушынага грыпу нарастае з кожным днём. Усясьветная арганізацыя аховы здароўя заяўляе, што пандэмія будзе непазьбежнай, калі сьвет апэратыўна не адрэагуе на небясьпеку. Гэтае папярэджаньне прагучала сёньня ў Токіё, дзе адбываецца рэгіянальная нарада ў барацьбе з птушыным грыпам.

Напярэдадні нарады кіраўнік заходне-ціхаакіянскага рэгіянальнага аддзяленьня Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя Шыгеру Омі папярэдзіў, што напрыканцы гэтага месяца можа адбыцца новая ўспышка захворваньняў на птушыны грып. Ва Ўсходняй Азіі будзе сьвяткавацца новы год паводле месяцавага календару, і людзі будуць рэзаць птушку для сьвяточнага стала.

(Омі: ) “Паводле мінулага досьведу, пры набліжэньні месяцавага новага году колькасьць захворваньняў павялічваецца. Таму вельмі важна, каб людзі прытрымліваліся асноўных правілаў асабістай гігіены. Таксама вельмі важна пазьбягаць неабавязковага кантакту з куранятамі і качкамі, асабліва калі яны ўжо здыхаюць. І, натуральна, нельга есьці здохлую ці хворую свойскую птушку”.

На сёньняшні дзень ад птушынага грыпу памерлі амаль 80 чалавек, бальшыня зь іх у Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Найбольш верагоднай прычынай быў кантакт з заражанымі птушкамі, і пакуль няма сьведчаньняў, што вірус можа перадавацца ад чалавека чалавеку.

Аднак, апошняя ўспышка птушынага грыпу ў Турэччыне, дзе памерлі як найменей двое дзяцей і заразіліся болей як дзясятак чалавек цягам тыдня выклікае хваляваньне, што вірус мае больш шырокія магчымасьці, і што ён можа мадыфікавацца ў форму, пашыраную сярод людзей. Таму ў Турэччыне пачалася прафіляктычная кампанія. Ва ўлётках, радыё– і тэлепаведамленьнях людзей папярэджваюць не кантактаваць з птушкамі, але калі гэта здарылася, дык пасьля мыць рукі. Асабліва гэтыя папярэджаньні тычацца дзяцей, якія любяць гуляць з куранятамі.

І хоць найбольшыя хваляваньні цяпер у Турэччыне, экспэрты заяўляюць, што рэальны эпіцэнтар пагрозы птушынага грыпу застаецца азіяцкім. ААН заклікала сабраць паўтары мільярды даляраў дзеля дапамогі бедным краінам у змаганьні з наступам пандэміі. На наступным тыдні ў Пэкіне адбудзецца міжнародная канфэрэнцыя донараў, якая мае на мэце мабілізаваць намаганьні ў гэтай справе.
XS
SM
MD
LG