Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як склаўся лёс палітыкаў, якія прэтэндавалі на пасаду прэзыдэнта?


Радыё Свабода Міхаіл Марыніч сядзіць у турме, Уладзімер Ганчарык дапамагае абірацца на прэзыдэнта Аляксандру Казуліну, Сяргей Гайдукевіч зноў штурмуе ўладную вяршыню. Як склаўся лёс удзельнікаў мінулых прэзыдэнцкіх кампаніяў?

Прэзыдэнцкая выбарчая кампанія 2006 году — трэцяя ў гісторыі незалежнай Беларусі. У мінулых кампаніях спрабавалі зарэгістравацца кандыдатамі на прэзыдэнта дзясяткі вядомых і ня вельмі вядомых асобаў, але ўдалося гэта толькі васьмярым палітыкам. У 1994 годзе на пасаду прэзыдэнта балятаваліся Вячаслаў Кебіч, Станіслаў Шушкевіч, Зянон Пазьняк, Аляксандар Лукашэнка, Васіль Новікаў і Аляксандар Дубко. Перамог Аляксандар Лукашэнка. Зь ім празь сем гадоў змагаліся за пасаду прэзыдэнта Ўладзімер Ганчарык і Сяргей Гайдукевіч. Як склаліся палітычныя лёсы прэтэндэнтаў?

Уладзімер Ганчарык, якога на выбарах 2001 году падтрымала большасьць апазыцыі, сабраў, паводле Цэнтравыбаркаму, крыху меней за 16% галасоў. Неўзабаве пасьля выбараў Уладзімер Ганчарык сышоў з пасады кіраўніка Фэдэрацыі беларускіх прафсаюзаў. Ён кажа, што гэта адбылося пад ціскам адміністрацыі прэзыдэнта і кансэрватыўных прафсаюзных дзеячаў. Зь Менску былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі часова зьяжджаў у Маскву, супрацоўнічаў зь міжнароднымі прафсаюзнымі арганізацыямі. Цяпер зноў у Менску, дапамагае змагацца за прэзыдэнцкую пасаду Аляксандру Казуліну. Уладзімер Ганчарык кажа, што за мінулыя пяць гадоў яму не прапаноўвалі ніякіх пасадаў у дзяржаўным апараце ці на вытворчасьці, а вось напярэдадні выбараў 2001 году яго спрабавалі вывесьці з палітыкі праз прывабныя прапановы.

(Ганчарык: ) “Прапаноўвалі працаваць за мяжой, у міжнароднай арганізацыі, ісьці ў парлямэнт. Але за гэта трэба было “здаць” некалькіх кіраўнікоў радыкальных прафсаюзаў, а самому не вылучацца на зьезьдзе на кіраўніка Фэдэрацыі. Але я гэта ўсё не прыняў, бо разумеў, што гэта не для мяне”.

Паводле Ўладзімера Ганчарыка, ягоныя сваякі дагэтуль маюць непрыемнасьці з-за таго, што ён вылучаўся ад апазыцыі на былых выбарах прэзыдэнта. “Але ніхто са сваякоў мяне ніколі за гэта не папракнуў”, — кажа Ўладзімер Ганчарык.

Лідэр лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч на мінулых выбарах атрымаў амаль 2,5% галасоў. Гэты вынік не перашкодзіў яму захаваць лідэрства ў партыі, але пазьней вялікая частка партыйцаў з ЛДПБ сышла, абвінаваціўшы Сяргея Гайдукевіча ў аўтарытарным стылі кіраваньня. Год таму Сяргей Гайдукевіч абраўся дэпутатам у парлямэнт, цяпер спрабуе зноў стаць прэзыдэнтам. Пра свае пляны ў выпадку чарговай няўдачы Сяргей Гайдукевіч кажа няпэўна:

(Гайдукевіч: ) “Ну, чым можа займацца чалавек, які другі раз ідзе ў прэзыдэнты? Вы задаяце пытаньне, на якое я ня ведаю адказу. Цяпер маё імя ведаюць у вёсках, кожны чалавек ведае. Чым буду займацца? Актыўнай палітычнай дзейнасьцю”.

Як склаліся лёсы кандыдатаў выбарчай кампаніі 1994 году? Памёр калгасны старшыня з Гарадзеншчыны Аляксандар Дубко; былы прэм’ер Вячаслаў Кебіч пабыў дэпутатам, цяпер на пэнсіі. Некалькі гадоў таму атрымаў дзяржаўную пасаду былы віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Васіль Новікаў, цяпер ён працуе дырэктарам Інстытуту філязофіі Акадэміі навук. Заснавальнік БНФ Зянон Пазьняк з 1996 году ў палітычнай эміграцыі, а цяпер спрабуе зноў зарэгістравацца кандыдатам — як і былы дэпутат Сяргей Скрабец. Меўся зноў ісьці ў прэзыдэнты былы амбасадар Міхаіл Марыніч, але ў гэтых выбарах яму ўдзельнічаць не давядзецца, паколькі Марыніч быў асуджаны за крадзеж маёмасьці. Пасьля працы дырэктарам заводу лядоўняў “Атлянт” пайшоў у манастыр Леанід Калугін. Пяць гадоў таму яму таксама не ўдалося сабраць 100 тысяч подпісаў для вылучэньня.

Гл. таксама • Былы кандыдат на прэзыдэнта Сямён Домаш стаў дырэктарам заводу
XS
SM
MD
LG