Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты кантралююць збор подпісаў на Гомельшчыне


Радыё Свабода У невялікіх гарадах ды вёсках Гомельскай вобласьці міліцыя кантралюе зборшчыкаў подпісаў за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта. Міліцыянтыі прыяжджаюць да зборшчыкаў подпісаў дахаты праверыць іхныя пасьведчаньні, патрабуюць сьпісы тых, хто ўжо падпісаўся.

Сяргей Арцёменка зь вёскі Струкачоў Кармянскага раёну паведаміў, што як толькі распачаў зьбіраць подпісы за кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, дамоў да яго прыехалі ўчастковы і прадстаўнік раённай дзяржаўтаінспэкцыі Васіль Арцёмаў. Правяралі, на якой падставе актывіст зьбірае подпісы сярод вяскоўцаў.

Двойчы наведалася міліцыя ў дом зборшчыцы подпісаў за Мілінкевіча — пэнсіянэркі з Чачэрску Кацярыны Бабровай.

(Баброва: ) “Пайшла па хлеб, прыходжу дамоў, а муж і сын кажуць, што прыходзілі па мяне двое міліцынтаў. Хтосьці там патэлефанаваў ці то ў міліцыю, ці то ў наш выканкам. Паскардзіліся, што я нібыта агітавала галасаваць за Лукашэнку, а подпісы зьбірала за Мілінкевіча. Канечне, я засмуцілася. Адзін міліцыянт, ветлівы такі, сказаў: “Да пабачэньня”, а другі папярэдзіў: “Калі ня прыйдзе да адзінаццаці гадзінаў у міліцыю, то мы яе сілай прывядзём”.

Пасьля абеду прадстаўнікі міліцыі зноў завіталі да Бабровых. Намесьнік начальніка міліцыі Аляксандар Цалка правяраў пасьведчаньне ў спадарыні Бабровай, дый ня толькі пасьведчаньне.

(Баброва: ) “Дзе вашы спісы з подпісамі, што вы сабралі, пытаецца. Я кажу, што ў мяне няма іх, ужо аддала. Пагаварыў са мною — вы думаеце, што заўтра ўжо будзе лепей з новым прэзыдэнтам, пэнсія ў вас падвысіцца? Я адказваю: пажывём — пабачым, што будзе заўтра. Ён зноў: вы вось няправільна паступілі, трэба, маўляў, гаварыць так і так”, — распавяла зборшчыца подпісаў Баброва.

Намесьнік старшыні Чачэрскага райвыканкаму Анатоль Бусел паведаміў, што ён асабіста распарадзіўся праверыць пасьведчаньне ў зборшчыцы подпісаў:

(Бусел: ) “Паступіў званок мне, сюды: Баброва без пасьведчаньня, кажа што забыла дома, ходзіць з мужам па горадзе і зьбірае подпісы. Я так і так — праверце!”

Спадар Бусел сьцьвярджае, што ніякіх іншых заданьняў, апрача праверкі пасьведчаньня ў зборшчыцы, ён не даваў.
XS
SM
MD
LG