Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ваўкавыску зноў затрымалі распаўсюдніцу незалежнай прэсы


Радыё Свабода У распаўсюдніцы ваўкавыскай “Местной газеты” Маргарыты Макавей міліцыянты сканфіскавалі 69 нумароў газэты, склалі пратакол і адпусьцілі. Яна мела дазвол на гандаль у месцы, дзе яе затрымалі, а таксама ўсе неабходныя дакумэнты.

Маргарыта Макавей гандлявала газэтай на міні-рынку побач з крамай “Дружба”. Як звычайна, яна мела дазвол Ваўкавыскага райвыканкаму гандляваць газэтай на міні-рынку, а таксама адрыўныя талёны. Да яе падышлі два міліцыянты ў форме і сказалі, што гандаль газэтай у гэтым месцы забаронены. Яна паказала ім афіцыйны дазвол, але тыя прапанавалі праехаць зь імі ў аддзяленьне міліцыі. Кажа Маргарыта Макавей:

(Макавей: ) “Я паказала ім усе свае дакумэнты, дамову, паказала рашэньне выканкаму. Яны паглядзелі, але запрасілі праехаць у аддзяленьне. Там склалі на мяне пратакол, забралі газэту і сказалі, што празь дзьве-тры гадзіны ўсё высьветліцца. Мяне адпусьцілі і ўзялі хатні тэлефон”.

Намесьнік рэдактара “Местной газеты” Аляксандар Барадаўкін лічыць, што ўлады стараюцца перашкодзіць распаўсюду іх выданьня. Некалькі тыдняў таму была затрымана яшчэ адна іх распаўсюдніца, якая таксама гандлявала ў дазволеным месцы. Праўда, тады пэнсіянэрка забыла ў хаце адрыўныя талёны, і яе аштрафавалі на 80 тысяч рублёў. Кажа Аляксандар Барадаўкін:

(Барадаўкін: ) “Яны проста душаць нас, чыняць усялякія перашкоды. Прыдумваюць самі, што хочуць. Самі далі дазвол на распаўсюд, а потым даюць вусны загад: арыштаваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG