Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За Лукашэнку сабралі 930 тысяч подпісаў – што думаюць у штабах канкурэнтаў?


Радыё Свабода Афіцыйныя СМІ паведамілі, што на сераду за Аляксандра Лукашэнку сабрана 930 тысяч подпісаў, што складае каля 17% ад усіх беларускіх выбаршчыкаў — для рэгістрацыі кандыдатам на прэзыдэнта патрэбна 100 тысяч. Як успрынялі гэтую навіну ў выбарчых штабах ягоных канкурэнтаў, дзе папярэднія вынікі збору подпісаў амаль у дзесяць разоў меншыя?

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Казуліна Мечыслаў Грыб лічыць сабраныя за Лукашэнку подпісы вынікам ціску на выбаршчыкаў, прымусовага збору подпісаў за яго на ўсіх прадпрыемствах і ўстановах:

(Грыб: ) “Ідзе выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу, па поўнай праграме, і ніхто нічым ня можа перашкодзіць. Ну, будзе да 27 студзеня 3 мільёны, а лепш было б, каб 7 мільёнаў… Гэта парушэньне заканадаўства і правоў чалавека”.

Кіраўнік перадвыбарчага штабу кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Калякін жартуе, што з такімі тэмпамі колькасьць подпісаў за Лукашэнку можа перавысіць колькасьць выбаршчыкаў:

(Калякін: ) “Гэта абсалютна ня сьведчыць пра падтрымку Лукашэнкі, таму што подпісы зьбіраюцца гвалтоўным чынам, калі людзей прымушаюць падпісвацца на працы, у паліклініцы, бацькоў у школах. Таму гэта ня дзіўна. Дарэчы, гэта гаворыць пра слабасьць улады, якая пайшла на такі крок”.

Спадар Калякін перакананы, што такія лічбы нэгатыўна сьведчаць пра сам выбарчы працэс. А на думку кіраўніка ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка Сяргея Папкова, сапраўдных выбараў у Беларусі ня будзе.

Тым часам лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч кажа, што сабраныя за А.Лукашэнку подпісы адпавядаюць ягонай падтрымцы ў грамадзтве:

(Гайдукевіч: ) “Рэаліі жыцьця такія, і нікуды ад іх не падзецца”.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік не зьдзіўляецца агучанай лічбе подпісаў за дзейнага кіраўніка краіны. Ён падлічыў, што для яе дасягненьня трэба было, каб кожны з 6000 сяброў ягонай ініцыятыўнай групы зьбіраў дзесяць подпісаў штодня, што рэальна пры той падтрымцы, якую мае А.Лукашэнка:

(Лазавік: ) “Я ня думаю, што ўжо там кагосьці пад аўтаматам прымушаюць расьпісвацца, хоць дурасьці ўсякай можна чакаць ад неразумных людзей. Але што 900 тысяч подпісаў — не астранамічная колькасьць, а нават ня вельмі высокая пры высокай актыўнасьці выбаршчыкаў, магу сказаць адназначна”.
XS
SM
MD
LG