Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзяржаўныя мэдыі пры асьвятленьні выбараў не называюць імя Мілінкевіча


Уладзімер Глод, Менск У дзяржаўных сродках масавай інфармацыі Беларусі амаль няма паведамленьняў пра выбарчую кампанію. Пры гэтым прозьвішчы Аляксандра Мілінкевіча ды іншых дэмакратычных прэтэндэнтаў, як правіла, увогуле не называюцца.

Дзяржаўны тэлеканал “ОНТ” ўвечары 11 студзеня паведаміў пра тое, колькі подпісаў выбарцаў сабралі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі і Сяргея Гайдукевіча. Паводле гэтага ж паведамленьня, у штабе Зянона Пазьняка адмаўляюцца даваць зьвесткі, а іншыя прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта нібыта не паведамляюць колькасьці сабраных подпісаў.

Аляксандар Дабравольскі, намесьнік старшыні выбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча, гаворыць, што ніякага сакрэту зь лічбаў у штабе ня робяць:

(Дабравольскі: ) “Яны нават баяцца згадваць прозьвішча Мілінкевіча. Гэта для нас ужо відавочна. У нас 5, 10, 15, 20 і 25 студзеня абнародуюцца зьвесткі пра збор подпісаў на афіцыйным сайце Мілінкевіча і ў нашай прэсавай рассылцы”.

Сяргей Галаганюк, кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргея Скрабца, гаворыць, што, акрамя недзяржаўных мэдыяў, да яго па лічбы ніхто не зьвяртаўся:

(Галаганюк: ) “Дзяржаўныя мэдыі да мяне не зьвярталіся і наўрад ці зьвернуцца. Яны ж робяць інфармацыю ў адным кірунку. Аднавэктарная ў іх інфармацыя”.

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік лічыць, што розныя журналісты па-рознаму падыходзяць да асьвятленьня працэсу выбараў:

(Лазавік: ) “Гэта асабістая пазыцыя таго ці іншага журналіста, які, магчыма, і хацеў атрымаць інфармацыю ў нейкім выбарчым штабе, але не атрымаў. Таму ён і выказаў такое меркаваньне. Мне цяжка даць гэтаму ацэнку, бо ў кожнага журналіста свае падыходы да ацэнкі выбарчага працэсу”.

Пры Цэнтрвыбаркаме створана “Назіральная рада ў справе кантролю за захаваньнем парадку і правілаў правядзеньня перадвыбарчай агітацыі ў сродках масавай інфармацыі”. Але, як тлумачыць спадар Лазавік, яна, як засьведчыла практыка папярэдніх выбараў, звычайна займаецца толькі вызначэньнем таго, ці былі ў матэрыялах мэдыяў элемэнты паклёпу альбо забароненыя заканадаўствам выказваньні.
XS
SM
MD
LG