Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі подпісаў ужо сабралі прэтэндэнты? (абноўлены)


Радыё Свабода Як заяўляюць у выбарчых штабах патэнцыйных удзельнікаў у прэзыдэнцкіх выбарах, на сёньня больш за 100 тысяч подпісаў, патрэбных для рэгістрацыі, сабралі за дзейнага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнку, за лідэра БСДП Грамада Аляксандра Казуліна і кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча. Тым часам ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта пачалі здаваць подпісы ў падтрымку вылучэньня іх кандыдатаў у раённыя выбарчыя камісіі.

У раённую выбарчую камісію Савецкага раёну Менску на сёньня было здадзена 17 падпісных лістоў за Сяргея Гайдукевіча і 673 — за Аляксандра Лукашэнку, што, паводле ацэнак сябра камісіі Мікалая Тарчанскага, складае адпаведна 350 і 24 тысячы подпісаў. Подпісаў за іншых прэтэндэнтаў сюды пакуль не здавалі.

(Тарчанскі: ) “Асноўны паток подпісаў будзе ў апошні тыдзень, бо зборшчыкі мяркуюць, што адзін ліст несьці ня варта, назьбіраюць і ўсе панясуць”, — сказаў сябра выбарчай камісіі Савецкага раёну Менску Мікалай Тарчанскі, вылучаны калектывам Дому друку.

Лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч зазначыў, што здача ягоных падпісных лістоў толькі пачалася. Цяпер з усіх рэгіёнаў у штаб прывозяць падпісныя лісты на праверку. Спадар Гайдукевіч кажа, што на ягоную карысьць на сёньня сабрана 74 тысячы подпісаў:

(Гайдукевіч: ) “Думаю, што 100 тысяч будзе на наступным тыдні, гэта сто працэнтаў”.

У ініцыятыўнай групе Аляксандра Казуліна пачнуць здаваць падпісныя лісты ў раённыя камісіі з 14 студзеня. Кіраўнік групы Мечыслаў Грыб паведаміў, што за іх кандыдата сабрана 100 тысяч подпісаў, цяпер паралельна ідзе праверка іх якасьці.

Паводле інфармацыі з ініцыятыўнай групы А.Лукашэнкі, за дзейнага кіраўніка краіны сабрана 930 тысяч подпісаў.

Як паведаміў кіраўнік перадвыбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Калякін, на 12 студзеня за кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі сабрана 105 тысяч подпісаў — гэтай колькасьці дастаткова для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты. Спадар Калякін разьлічвае, што да 27 студзеня будзе сабрана 250 тысяч подпісаў.

Сёньня ўпершыню былі падлічаныя подпісы, сабраныя за зьняволенага былога дэпутата Сяргея Скрабца. Кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Сяргей Галаганюк паведаміў пра 35 тысяч подпісаў. Ён разьлічвае, што да канца кампаніі ўдасца сабраць неабходныя для рэгістрацыі 100 тысяч подпісаў і дамагчыся рэгістрацыі.

(Галаганюк: ) “Будзем старацца, нават болей за 100 тысяч зьбяром, не нашмат, але прыблізна так”.

Паводле кіраўніка ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка Сяргея Папкова, на сёньня за лідэра КХП БНФ сабрана 50 тысяч подпісаў, і ён перакананы, што ўдасца сабраць патрэбную для рэгістрацыі колькасьць.

(Папкоў: ) “Ну а як жа, мы ж пасьлядоўныя людзі — народнае галасаваньне і збор подпісаў”.

Кіраўнік групы Валерыя Фралова Ігар Азарка называе самую сьціплую лічбу — 30 тысяч подпісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG